Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў Імшу памяці Янкі Купалы

Купала
У Мінску ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 28 чэрвеня адбылася святая Імша з нагоды 75-ай гадавіны смерці класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

Імшу ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе catholic.by.

У гэты ж дзень ў 16.00 на мінскіх Вайсковых могілках ля магілы паэта жалобную малітву здзейсніў кс. Дзмітрый Пухальскі.

Малітоўныя акцыі былі прымеркаваныя да купалаўскіх дзён, якія праходзяць у Беларусі з 27 чэрвеня па 9 ліпеня.

«Паэт нарадзіўся 135 гадоў таму пад Радашковічамі і быў ахрышчаны ў касцёле Святой Тройцы. Атрымаўшы ад Бога вялікі дар слова, ён карыстаўся ім належным чынам. Яго творы прадстаўляюць яго не толькі як паэта, але адначасова і як прарока нацыянальнага Адраджэння, для якога нацыянальныя інтарэсы і правы свайго народа, на якія ніхто не мае права пасягаць, былі важнейшымі за ўсё. Яны ўсхваляюць Бацькаўшчыну і напоўнены духоўным зместам», – нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі