У Радашковічах адзначылі 135-годдзе хросту Янкі Купалы

SAM_9680

135-годдзе хросту народнага песняра. Гэтымі словамі распачаў 9 ліпеня Купалаўскі фэст у Радашковічах ксёндз-пробашч Юры Быкаў. На свята, прысвечанае 135-годдзю з дня нараджэння паэта і 135-годдзю яго хросту, сабраліся прадстаўнікі духавенства, супрацоўнікі музея Янкі Купалы ў Менску, госці з Магілёва, Бабруйска і іншых гарадоў, паэты і пісьменнікі, прадстаўнікі выдавецтва «Про Хрысто», прыбылі з экскурсіяй сябры магілёўскага ТБМ на чале з Алегам Дзьячковым. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел гурт «Гасцінец» і Алег Хаменка.

SAM_9654Касцёл быў упрыгожаны букетамі кветак, ля алтара стаяў партрэт Янкі Купалы, ля ўвахода была разгорнута фотавыстава пра мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю народнага паэта.

Свята пачалося з урачыстай імшы ў памяць Яна Луцэвіча, сына Дамінікава, які ўславіў Беларусь на ўвесь свет. Цэлебраваў яе біскуп Юры Касабуцкі.

12 ліпеня 1882 года у гэтым касцёле Янка Купала атрымаў сакрамэнт хросту, ён быў далучаны да хрысціянскай сям’і. Бацькі паэта арэндавалі зямлю ў Вязынцы ў шляхецкай сям’і Станіслава і Алімпіі Замбжыцкіх. Хроснай маці Янкі Купалы была Алімпія Замбжыцкая. Яна наведвала касцёл у Радашковічах, таму там паэт і атрымаў сакрамэнт хросту. «Атрымаўшы праз Дух Святы паэтычны дар, Янка Луцэвіч не занядбаў яго, а ўсё жыццё ўдасканальваў, і праз гэта стаў выразнікам народных думак, песняром і прарокам», – адзначыу ў казані біскуп Юры Касабуцкі.

«Свята ўносіць больш Божых якасцяў у народ, – сказаў ксёндз Юры Быкаў, – дапамагае спалучыць духоўнае з усім лепшым, творчым і прыгожым, што ёсць у беларускім народзе. Для нас важна вернуць у свядомасць чытачоў хрысціянскія тэмы у творчасці Купалы, якія прысутнічалі да 1918 года. У савецкія гады іх замоўчвалі і не вывучалі ў сярэдняй школе, абыходзілі літаратуразнаўцы. Янка Купала напісаў два вершы «Малітва», якія ўвайшлі ў рэпертуар ансамбля « Песняры».

SAM_9656

Кульмінацыйным момантам свята стала чытанне вершаў Янкі Купалы. Вельмі пранікнёна прачыталі іх святары, а за імі прадэкламавалі ўсе ахвотныя : дзеці і вучні, студэнты, прыгожыя паненкі і людзі сталага веку. Прагучалі творы «Малітва», «Хрыстос уваскрос», «Валачобнікі», урыўкі з паэмы пра святога Андрэя Баболю. Пані Ванда з Ракава, апранутая ў вышыванку з каралямі і саламяны капялюш, прачытаўшы творы Купалы і свае ўласныя, нагадала, што ў дзяцінстве ёй прадстаўлялі паэта «мужыком», а сёння мы можам з гонарам казаць, што ён быў каталік і шляхціч. Тыя, хто не пасаромеліся прачытаць вершы перад усёй грамадой, атрымалі падарункі ад супрацоўніцы літаратурнага музея Янкі Купалы Марыі Бартковай і кс. Юрыя Быкава.

SAM_9647

З прамовай і чытаннем сваіх вершаў выступіла пісьменніца Хрысціна Лялько: «Сёння з вуснаў некаторых чытачоў можна пачуць крытыку Янкі Купалы за савецкі перыяд яго творчасці. Паэт жыў у вельмі складаныя і драматычныя часы рэпрэсій. Для яго было важна выстаяць у тыя часы, калі знішчалі лепшых літаратараў, цвет нацыі. У глыбіні душы і творчасці ён застаўся хрысціянінам». Хрысціна Аляксееўна ў маладосці некаторы час працавала ў музеі Янкі Купалы. Яна памятае , як адзначалася 100-годдзе з дня яго нараджэння, і шчыра радуецца той сапраўднай велічы, якой нададзена святкаванне 135-годдзя песняра ў святыні Божай.

Паэтычнае свята працягвалася на падворку храма. Для гасцёў выступіў гурт «Гасцінец», моладзь актыўна ўдзельнічала ў танцах і гульнях. Мясцовыя парафіяне прапанавалі гасцям гарбату і пачастунак. Буйныя хмары ўвесь час абыходзілі пляцоўку бокам, і толькі калі ўсё скончылася, разразіліся моцным ліўнем. Відаць, прыслухоўваліся да словаў купалаўскай «Малітвы».

Эла Дзвінская.

Фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі