У шпіталі ў Бараўлянах з’явілася каталіцкая капліца

Кондрусевич
У Бараўлянах блізу Мінска ў Рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Пятра Машэрава 9 ліпеня капліцу Маці Божай Фацімскай асвяціў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Раней у шпіталі ў Бараўлянах дзейнічала только праваслаўная капліца, душпастырства ў якой ажыццяўляюць святары мясцовага прыхода.

Апекавацца пацыентамі-каталікамі шпіталя будуць святары-салезіяне. Удзел у асвячэнні капліцы ўзяў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, паведамляе catholic.by.

На пачатку ўрачыстасці галоўны ўрач Віктар Лішакоў паказаў гасцям шпіталь, пасля адбылася святая Імша для супрацоўнікаў шпіталю, пацыентаў і вернікаў бараўлянскай парафі, у гаміліі падчас якой мітрапаліт Кандрусевіч разважаў пра пакору Хрыста да смерці.

«Ісус з’яўляецца прыкладам пакоры як для святароў, так і для лекараў, бо, лечачы цела і душу, неабходна быць пакорным і ахвярным. Таксама і цярпенні хворых з дапамогай веры набываюць новы сэнс”, – падкрэсліў арцыпастыр.

Мітрапаліт пажадаў, каб новая капліца стала сапраўдным месцам сустрэчы чалавека з Богам праз слова, якое там будзе абвяшчацца, і праз сакраманты, якія там будуць удзяляцца, падзякаваўшы за працу па яе арганізацыі пробашчу бараўлянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў кс. Казіміру Шыдэлку SDB, і дырэктару Нацыянальнага «Карытас» Віталію Дабраловічу.

Пасля асвячэння капліцы мітрапаліт Кандрусевіч уручыў Віктару Лішакову ганаровую грамату «За супольны клопат аб духоўным развіцці беларускага грамадства і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі».

Святая Імша будзе адбывацца ў капліцы кожны чацвер у 17.00.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі