Каталіцкая Царква прызнала ахвяраванне жыццём падставай для кананізацыі і беатыфікацыі

Езус
Папа Францішак 11 ліпеня падпісаў дакумент пад назвай “Maiorem hac dilectionem”, у якім зацвердзіў у якасці падставы для распачацця беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсаў пазіцыю “ахвяраванне жыццём”.

Раней падставай для кананізацыі і беатыфікацыі былі толькі пакутніцтва і гераічнасць цнотаў.

У Папскім дакуменце гаворыцца пра паводзіны вернікаў, якія, рухомыя міласэрнасцю, гераічна ахвяравалі ўласным жыццём для бліжняга, прыняўшы свабодна і добраахвотна непазбежную заўчасную смерць, паведамляе Ватыканскае Радыё.

“Бясспрэчна, гераічнае ахвяраванне жыццём, падказанае і падтрыманае міласэрнасцю, з’яўляецца выразам сапраўднага, поўнага і ўзорнага наследавання Хрыста і таму годнае захаплення, якое супольнасць вернікаў звычайна мае да тых, хто добраахвотна прыняў мучаніцтва крыві або практыкаваў хрысціянскія цноты ў гераічнай ступені”, – гаворыцца ў прэамбуле “Maiorem hac dilectionem”.

Умовы для распачацця беатыфікацыйнага працэса – свабоднае і добраахвотнае ахвяраванне жыццём, наяўнасць сувязі паміж ахвяраваннем жыццём і заўчаснай смерцю, практыкаванне, хаця б у звычайнай ступені, хрысціянскіх цнотаў да моманту ахвяравання жыццём і вернасць ім да самой смерці, святасць жыцця Слугі Божага або яе праявы, выяўленыя хаця б пасля яго смерці, здзяйсненне пасля смерці Слугі Божага цуду праз яго заступніцтва.

У Апостальскую Канстытуцыю ўжо ўнесеныя неабходныя папраўкі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі