Італьянскі навуковец раскрыў таямніцы віленскіх мумій

654

Крыпта пад Дамініканскім касцёлам Святога Духа ў самым цэнтры Вільні мае яскравую гісторыю. Схаваныя ў змрочным склепе пад касцёльным алтаром труны былі разабраныя войскам Напалеона на дровы. Падчас Другой сусветнай вайны нацысты выкарыстоўвалі крыпту ў якасці імправізаванага бамбасховішча. А ўжо Саветы ператварылі яе ў музей атэізму.

Цяпер жа Дарыё П’ёмбіна-Маскалі (Dario Piombino-Mascali) ужывае больш далікатны падыход, спрабуючы раскрыць таямніцы яе таямнічых насельнікаў: 23 мужчын, жанчын і дзяцей, якія памерлі ў XVII-XIX стагоддзях і чые парэштк былі муміфікаваныя прахалоднай тэмпературай крыпту і слабой вентыляцыяй.

Плоць ўсё яшчэ пакрывае іх косткі, на скуры засталася вопратка, і органы па-ранейшаму знаходзяцца ў грудзях. І П’ёмбіна-Маскалі, антраполаг з Італіі, даведаўся пра ўрокі, якія можна атрымаць для сучаснай медыцыны ад хвароб, якія забілі гэтых людзей.

Пробы ДНК з таза і ног забальзамаванага дзіця, якое памерла дзесьці паміж 1643 і 1665 гадамі ва ўзросце двух-чатырох гадоў, прынеслі пакуль найбольшыя адкрыцці, падаючы навукоўцам свежы погляд на тое, як натуральная воспа (не блытаць з ветраной – Krynica) развівалася ў мінулым і можа мутаваць у будучыні. «Напачатку мы не выявілі, што гэтае дзіця хварэла на воспу, бо хвароба не пакінула ніякіх слядоў», — кажа П’ёмбіна-Маскалі, які працуе ў Віленскім універсітэце.

Значэнне адкрыцця, кажа П’ёмбіна-Маскалі, у тым, што навукоўцы паставілі пад сумнеў прынятае разуменне таго, калі вірус-забойца, які выклікаў смерць 500 мільёнаў людзей ва ўсім свеце, з’явіўся ўпершыню. Лічылася, што натуральная воспа паўстала ў часы фараонаў і паступова мутавала. Але генетычныя даследчыкі пабудавалі радавод 49 сучасных штамаў і аднаго старажытнага штама гэтага дзіця, і прасачылі іх эвалюцыю да агульных продкаў з 1530 і 1654 гадоў.

658

Знаходка ўзняла пытанне пра тое, дзе раптоўна ў XVI стагоддзі з’явілася воспа. Магчыма, яна пераскочыла ад жывёл да людзей. Магчыма, яна ў спячым стане ўсё яшчэ знаходзіцца ў жывёл, каб зноў зрабіць гэты смяротны скачок. “Сапраўды трэба ведаць, як гэтыя ўмовы развіваюцца і змяняюцца з часам, — кажа П’ёмбіна-Маскалі. — Хвароба была ліквідавана, але вірус захоўваецца ўрадамі Расіі і ЗША. У пэўны момант гэтая інфармацыя можа апынуцца карыснай. Заўсёды добра ведаць, што мы можам зрабіць”.

«Мы таксама выявілі сухоты, — дадае П’ёмбіна-Маскалі. — Зазвычай яны вывучаюцца на костках. Але дзякуючы таму, што лёгкія добра захаваліся, мы змаглі ўбачыць кальцыфікацыю лёгкіх, якая сведчыць пра наяўнасць сухотаў. Існуе пастаянная дыскусія пра гісторыю сухотаў, і цяпер мы можам зрабіць генетычнае даследаванне».

“Мы працуем над тым, каб вызначыць і бактэрыі, і вірусы. У Хельсінкі група працуе над вірусамі, выяўленымі ва ўзорах. Больш мы даведаемся у верасні”.

Аднак самога П’ёмбіна-Маскалі цікавяць найбольш звычкі і практыкі мёртвых. “Для нашых ведаў пра хваробы вельмі карысным стала адкрыццё ўзроўню тлушчу ў артэрыях: ён вельмі вялікі, — кажа ён. — Многія лічаць, што гэта хвароба цывілізацыі, выкліканая маларухомым ладам жыцця, дрэнным харчаваннем, фаст-фудам. Насамрэч, такі стан прысутнічаў яшчэ да [сучаснага дня] і ў канкрэтным выпадку Вільні, што звязана з дыетай гэтых людзей, якая была вельмі беднай на зеляніну, гародніну і садавіну. Яны елі шмат мяса і гатавалі ежу на тлушчы”.

П’ёмбіна-Маскалі асцярожны ў сваёй працы, і вельмі добра разумее, што гэта парэшткі людзей. «Некаторыя выглядаюць так, нібы яны проста спяць», — кажа антраполаг.

Ён таксама добра ведае, як лёгка далікатныя парэшткі могуць ператварыцца ў пыл. У 1960-я гады судмедэксперт Юозас Альбінас Маркуліс, савецкі шпіён, які выдаваў сябе за члена супраціву, запісаў, што ў крыпце было 500 целаў, з якіх 200 — муміі. Улады, аднак, занепакоіліся патэнцыйнай эпідэміяй і пастанавілі іх запячатаць шклом, пасля чаго яны былі выкінутыя да кучы костак, вядомай у той час як камера смерці.

Незразумела, чаму 23 некранутыя сёння муміі былі выратаваныя ад гэтай долі, але П’ёмбіна-Маскалі кажа, што не будзе як-небудзь шкодзіць таму, што ён разглядае ў якасці культурных каштоўнасцяў, а таксама сродкаў для навуковых адкрыццяў. «Я не раблю прэпарацый, я не хачу рабіць гэта, — гаворыць ён. — Я лічу, што смерць не пазбаўляе цябе чалавечай годнасці. Я не хацеў бы выкарыстоўваць нож, калі цела з’яўляецца захаваным. Таму я адмовіўся. Я сказаў не. Толькі калі ёсць натуральныя адтуліны, мы пройдзем ўнутр, ці то ад гніення, ці ад пашкоджанняў», — кажа ён.

Зараз П’ёмбіна-Маскалі не наведвае крыпту. Яму цяжка атрымаць доступ ад святара, і ў яго ўжо ёсць свае ўзоры. Але ён не хоча, каб гісторыі мумій, былі страчаныя. “Іх неабходна выставіць у прыстойным, належным чынам, — кажа ён, — каб людзі маглі зразумець больш аб іх гісторыі. Я буду працягваць працаваць над гэтым”.

The Guardian, пераклад Krynica.info

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі