“Цудоўна, калі Цэрквы кажуць ва ўнісон“. Эксклюзіўнае інтэрв’ю кангрэсмена ЗША Krynica.info

Day2_chris_smith

Якая сітуацыя з абортамі ў ЗША? Што для яе вырашэння робяць палітыкі і якая роля ў амерыканскім пралайф-руху цэркваў? Пра гэта карэспандэнт Krynica.info пагутарыў з амерыканскім палітыкам, сябрам Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ад Рэспубліканскай партыі Крысам Смітам (Chris Smith), які вядомы як адзін з найбольш моцных праціўнікаў абортаў сярод кангрэсменаў Злучаных Штатаў.

Krynica.info: Распавядзіце, калі ласка, якая сітуацыя з абортамі ў ЗША? Ці атрымліваецца яе змяніць да лепшага?

Крыс Сміт: Трагедыя амерыканскага абортнага заканадаўства палягае ў тым, што аборты былі дазволеныя ў выніку рашэння Вярхоўнага суду 1973 году, які надаў свайму палітычнаму рашэнню найвышэйшую моц. Рашэнне не праходзіла праз Кангрэс, не прымалася Белым Домам, яно было прынятае сям’ю неабіраемымі членамі Вярхоўнага суду. І каб пераадолець рашэнне Вярхоўнага суду, неабходна, каб ён сам перагледзяў яго, альбо патрэбная кваліфікаваная большасць у складзе двух трэціх прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў і Сенату. Гэта вельмі высокая планка, у выніку якой праз аднойчы легалізаваныя аборты чатыры дзясяткі гадоў забіваюцца ненароджаныя дзеці. Аборты – гэта гвалт у дачыненні да дзіцяці. Яны таксама раняць жанчын, шкодзяць ім. Хімічныя ж аборты з’яўляюцца папросту атрутай. А іх падтрымку з гледзішча этыкі і маралі нельга разглядаць ніяк як інакш, як крывадушша.

Чаго мы дамагліся ў ЗША, дык гэта таго, што мы ўпэўненыя, што няма дзяржаўнага фінансавання для большасці абортаў. Дзякуючы гэтаму, каля двух мільёнаў людзей сёння жывыя, бо няма фінансавання. Таксама мы прынялі шэраг важных законаў, абараняючых правы жанчын. Цяпер перад абортамі ім паказваюць рэальныя выявы ненароджаных дзяцей. Так што яны не з’яўляюцца недасведчанымі. У многіх штатах ёсць перыяд чакання. Таксама неабходнасць згоды бацькоў ці апекуноў для сіротаў паспрыяла змяншэнню абортаў сярод няпоўнагадовых на 20-40%. Так што, мы здолелі ўвесці шэраг важных законаў для абароны жыцця.

У Кангрэс ЗША мы ўнеслі законапраект, паводле якога вызначаць пол дзіцяці можна толькі пасля пяці месяцаў. Амаль кожны раз, калі пол дзіцяці спрычыняецца да аборту, гаворка ідзе пра дзяўчынак. Адбываецца масавае парушэнне правоў дзяўчат, бо яны вынішчаюцца толькі праз тое, што з’яўляюцца дзяўчынкамі. Гэта жудасна.

Таксама ёсць праект забароны, якая тычыцца здольных адчуваць боль дзяцей. Прынамсі з 20 тыдняў, а то і раней, ненароджаныя дзеці адчуваюць невыносны боль, калі іх абартуюць, разрываючы на часткі, адсякаючы рукі і ногі ды фактычна абезгалоўліваючы. Але ж яны адчуваюць боль! Увесь гэты час!

Тры разы законапраект пра забарону абортаў дзяцей, здольных адчуваць боль, праходзіў Палату прадстаўнікоў, але Сенат не прымаў яе. Але ж Трамп яго падтрымлівае. Таму ёсць верагоднасць, што ён падпіша гэтыя законы.

Таксама існуюць ініцыятывы па абароне свабоды сумлення. У часы прэзідэнцтва Абамы адбывалася аграмадная атака на свабоду сумлення, каб прымусіць шпіталі і цэрквы фінансаваць аборты. Але дзякуй, што Дональд Трамп падтрымлівае свабоду сумлення, і ўжо зараз ён пераглядае палітыку Абамы. Так што, адзначаецца сапраўдны прагрэс у гэтым накірунку.

Прэзідэнт таксама прыўнёс баланс у Вярхоўны суд. На карысць жыцця ён намінаваў Ніла Горсача суддзёй Вярхоўнага суду ЗША. Верагодна, што ён здолее намінаваць яшчэ двух-трох суддзяў, у выніку чаго суд перастане быць ворагам ненароджаных дзяцей і стане іх абаронцам, калі перад ім прадстануць адпаведныя справы. Варта павагі, што Трамп высунуў кандыдатуру Горсача. Ён сапраўды выбітны адвакат і юрыст. І зараз ён суддзя Вярхоўнага суду.

Ну й на міжнародным узроўні Трамп пазбавіў Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА – Krynica) фінансавання. ЮНФПА зганьбіў сябе падтрымкай, у тым ліку матэрыяльнай, прымусовых абортаў і прымусовай стэрылізацыі ў Кітаі. Адбельванне гэтых злачынстваў супраць чалавечнасці цягнулася 40 гадоў. Але пры прэзідэнтах Рэйгане, Джорджы Бушы-Старэйшым, Джорджы Бушы-Малодшым, а цяпер і пры Трампе ўрад ЗША пазбаўляў фінансавання ЮНФПА.

Апроч таго, прынятая вельмі ясная палітыка, якая сцвярджае, што любыя няўрадавыя арганізацыі, якія выконваюць ці прасоўваюць аборты, апроч як у выпадках згвалтавання, інцэсту, пагрозе жыццю маці і іншых выключэннях, больш не атрымаюць грошаў з бюджэту ЗША. І прэзідэнт Трамп ужыў гэта ў дачыненні да ўсіх нашых глабальных праграм па ахове здароўя, супольны бюджэт якіх – 8,8 млрд даляраў па ўсім свеце. Спадзяемся, што гэта будзе мець станоўчы ўплыў.

Я сам з’яўляюся шчырым прыхільнікам і аўтарам законаў, датычных бяспечнага харчавання, ВІЧ і СНІДу, малярыі, абароны дзяцей, якія церпяць ад канфліктаў у Сірыі, Трыпалі. Але арганізацыі, якія атрымліваюць грошы на гэтыя мэты, не павінны адначасова прасоўваць смерць і знішчэнне ненароджаных дзяцей. Мы хочам дапамагаць, але аборты не належаць да аховы здароўя.

Krynica.info: У Беларусі часта сцвярджаецца, што, калі ты з’яўляешся прыхільнікам пралайфу, то ты супраць дэмакратыі, супраць правоў чалавека. Ці згодныя вы з гэтым?

Крыс Сміт: Гэта вялікая хлусня, калі гаворыцца, што каб быць за дэмакратыю і правы чалавека, трэба быць таксама за гвалт у дачыненні да ненароджаных дзяцей. Але гэта не так, гэта поўная супрацьлегласць. Што такое аборты? Аборты расчляняюць ці атручваюць хімікатамі ажно да смерці дзяцей. Яны таксама шкодзяць жанчынам, у тым ліку наносячы негатыўныя псіхалагічныя наступствы. Я ніколі не бачыў у сваім жыцці нечага настолькі кепскага і парушаючага чалавечыя правы, чалавечыя правы ненароджаных дзяцей, як аборты.

Гэта супярэчыць этыцы, асновам маралі і логіцы. Нараджэнне – гэта падзея, якая здараецца з кожным з нас. Гэта не пачатак жыцця. Нельга пачынаць адлік жыцця ад нараджэння, бо гэта ні што іншае, як перыяд сталення, росту, развіцця ненароджанага дзіцяці. Неабходна разбурыць міф, што ненароджаныя дзеці не з’яўляюцца людзьмі. Яны жывыя, яны дыхаюць, яны развіваюцца. Гэта цудоўны выбух жыцця. Гэта цуд.

Прыхільнікі абортаў сцвярджаюць, што жанчына мае ўладу забіць гэтае дзіця. Пры гэтым большасць забітых – гэта менавіта дзяўчынкі. Сёння аборты на падставе полу дзіцяці вельмі распаўсюджаныя ў 20 краінах ва ўсім свеце, і Кітай тут адзін з найгоршых. У Кітаі 62 млн дзяўчынак былі знішчаныя такім чынам з-за свайго полу. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у чалавечай гісторыі.

У сапраўды дэмакратычнай краіне чалавек, які сапраўды верыць у правы чалавека, распаўсюджвае іх і на ненароджаных дзяцей, але не пазбаўляе іх гэтых правоў праз гвалт.

Krynica.info: Якая пазіцыя Цэркваў ЗША па пытанні абортаў? Што яны робяць у гэтай сферы і як рэагуюць?

Крыс Сміт: Каталіцкая Царква выступае цалкам за жыццё. Многія евангельскія Цэрквы таксама шчырыя пралайферы. З пралайф-пазіцый выступае, вядома, і Праваслаўная Царква, якая таксама вельмі адданая абароне ненароджаных дзяцей. На жаль, некаторыя больш ліберальныя дэнамінацыі дапускаюць, што ненароджаныя дзеці могуць быць знішчаныя, падвергнутыя гвалту. Але я шчыра ўпэўнены, што любы, хто следуе Евангеллям, не можа адвяргаць вучэнне нашага Госпада, які сказаў: “тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц. 25:40). Госпад усталяваў салідарнасць з усімі слабымі і безабароннымі. І такое вызначэнне мусіць уключаць таксама ненароджаных і жанчын, якія знаходзяцца пад ціскам свайго каханка, грамадства. Мы павінны ўлічваць абодвух: і маці, і яе дзіця. Менавіта так я бачу выкананне сказанага ў Евангеллі ад Мацвея.

Krynica.info: Ці спрабуюць Цэрквы неяк уплываць на рашэнні палітыкаў па пытанні абортаў? Што яны робяць для гэтага?

Крыс Сміт: Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў і шэраг іншых дэнамінацый, уключаючы праваслаўных, добра бачныя ў капітоліях штатаў і яшчэ лепш бачныя ў Капітоліі, дзе размешчаны Кангрэс ЗША, і ў Белым доме, дзе яны сведчаць, што аборты забіваюць дзяцей і шкодзяць жанчынам.

І калі б не было рашэння Вярхоўнага суду, я абсалютна ўпэўнены, што ЗША б узнавілі ранейшае стаўленне да ненароджаных дзяцей дзесяцігоддзі таму. Але ж канстытуцыйную большасць вельмі цяжка дасягнуць у любым парламенце ў любой краіне. А гэта менавіта тое, што нам трэба зрабіць зараз.

Мы маем цэлы шэраг важных законаў, і роля Цэркваў папросту незаменная для поспеху пралайф-руху. У ЗША яны яго аснова. Вера напаўняе людзей. Тыя, хто змагаецца ў заканадаўчых органах, ведаюць, што яны маюць падтрымку з боку Царквы. І гэта натхняе, у тым ліку калі нас атакуюць за тое, што мы робім. Цэрквы робяць цудоўную і вельмі цяжкую працу. Яны таксама наймаюць адвакатаў, якія даводзяць царкоўнае вучэнне юрыдычнай мовай. Цэрквы пішуць звароты, арганізуюць масавыя дэманстрацыі, якія збіраюць сотні тысяч людзей, як у Вашынгтоне, так і ў сталіцах штатаў. І там паўсюль святары. І ўсе гэта прыводзіць да зменаў. Усе гэта надае мужнасці свецкім вернікам, такім як я, якія ведаюць, што за нашымі спінамі Царква. Вельмі цудоўна бачыць разам кардыналаў, біскупаў, мітрапалітаў, евангельскіх пастараў, якія ўсе кажуць ва ўнісон.

Гутарыў Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі