Гасцямі “Скарынера” у Друі стануць Адам Глобус і Піт Паўлаў

Олег
У Друі блізу Браслава на базе каталіцкага кляштара пры парафіі Святой Тройцы з 22 па 30 ліпеня па ініцыятыве пробашча парафіі кс. Сяргея Сурыновіча пройдзе III міжнародны мастацкі пленэр.

Гэтым разам у пленэры, які праходзіць пад назвай “Скарынер”, бяруць удзел сорак прафесійных мастакоў.

“Асноўная мэта пленэру ў старажытных мурах – дыялог рэлігіі і мастацтва, пошук агульнай гамы, дэталізацыя адценняў сугучча і сумоўя. 2017 год з’яўляецца асаблівым. Роўна 500 год таму беларусы атрымалі першую друкаваную кнігу. Гэта была кніга, што злучыла ў сабе і спрадвечную мудрасць, і ацаленне разам – Біблія. Сёлетні летні Друйскі мастацкі пленэр не можа не ператварыцца ў СКАРЫНЭР, не ўзняць тэму важнай падзеі і гонару для нашай нацыі – перакладу Бібліі Францішкам Скарынам”, – апавядае кс. Сяргей Сурыновіч.

Пленэр адкрыецца 23 ліпеня пасля святой Імшы імпрэзай гасцей з Мінску. Перад мастакамі і мясцовымі жыхарамі выступяць  “Віктар Сямашка ды Кумпанія” з імправізавана-мэладэкламацыйнай праграмай у гонар Францыска Скарыны.

26 ліпеня ў 20.00 з творчай вечарынай прыедзе яшчэ адзін госць – пісьменнік і мастак Адам Глобус.

27 ліпеня ў 20.00 адбудзецца сустрэча з пісьменнікам Аляксеем Шэіным, аўтарам папулярнага фэнтэзі “Сем камянёў”.

29 ліпеня 18.00 святую Імшу ўзначаліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, пасля богаслужбы адбудзецца ўручэнне дыпломаў удзельнікаў пленэру, таксама выступяць музыкі – Вольга Акуліч і Піт Паўлаў.

30 ліпеня адбудзецца закрыццё пленэру. Вернісаж будзе дзейнічаць цягам дня.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі