Пісьменнік Ахроменка знайшоў новыя дакументы следчай справы святара Абрантовіча

Абрантович
Беларускі пісьменьнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка адшукаў унікальныя дакументы ў архіве Службы Бяспекі Украіны, якія тычаць следчай справы грэка-каталіцкага святара архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, распачатай восенню 1939 года ў Львове.

Айцец Фабіян Абрантовіч (1884–1946) – святар, асветнік, педагог, адзін са стваральнікаў марыянскага асяродку і кляштару ў Друі блізу Браслава.

Уладзіслаў Ахроменка адшукаў у архіве СБУ Украіны невядомы раней дакумент пра Фабіяна Абрантовіча, рассакрэчаны ў 2013 годзе – звышсакрэтны даклад з Кіева ад 26 снежня 1939 года ў Маскву, наркаму унутраных справаў СССР камісару дзяржбясьпекі Л. Берыи, ад наркама унутраных справаў УССР камісара дзяржбясьпекі Сярова. Матэрыял можна пабачыць тут.

Фабіян Абрантовіч загінуў як мужны вызнаўца веры ў Бутырскай турме ў Маскве. Месца яго пахаваньня застаецца невядомае. У траўні 2003 году ў Маскве намаганнямі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча быў распачаты беатыфікацыйны працэс  архімандрыта Абрантовіча.

Перад пачаткам ІІ Сусветнай вайны, у чэрвені 1939 года, архімандрыт – Апостальскі Адміністратар Усходняй місіі ў Харбіне, склаў у Рыме справаздачу аб сваёй працы і затым наведаў сваю радзіму ў Заходняй Беларусі. На зваротным шляху ён пабываў у Львове ў свайго сябра мітрапаліта Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэя Шаптыцкага, дзе яго і заспела вайна. Больш за месяц ён правёў у Львове. 22 кастрычніка 1939 года пры спробе пакінуць СССР ля гораду Рава-Руская а. Абрантовіч быў затрыманы нямецкімі памежнікамі і вернуты на тэрыторыю СССР, дзе адразу трапіў у турму НКВД у Львове.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі