У Друі завяршыўся міжнародны “Скарынэр”

Друя
У Друі ў кляштары пры парафіі Святой Тройцы 30 ліпеня выніковым вернісажам завяршыўся III пленэр, які ў гэтым годзе меў тэматычную афарбоўку “Скарынэр” і прысвячаўся 500-годдзю выдання Францішкам Скарынам Бібліі па-беларуску.

Друя
Напярэдадні ініцыятар і духоўны натхняльнік пленэру, што доўжыўся цягам тыдня, – пробашч парафіі кс. Сяргей Сурыновіч – ператварыўся ў майстра інсталяцыі, размяшчаючы ў старажытных мурах адмысловыя экспазіцыі кожнага з 40-а ўдзельнікаў пленэру.

Друя

Гэтым разам удзел у пленэры узялі мастакі розных школаў і плыняў, а геаграфія пленэру пашырылася: раней у Друі прыязжалі мастакі з Мінску, гэтым жа летам да іх далучыліся створцы з Віцебска і Санкт-Пецербурга.

Друя
Напярэдадні вернісажа ў Друю завітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч – аматар жывапісу, які з цікавасцю агледзіў працы, а пасля ўзначаленай ім святой Імшы ў інтэнцыі мастакоў і мясцовых жыхароў уручыў створцам адмысловыя дыпломы ўдзельнікаў “Скарынэра”.

Друя
Адбыўся пасля Імшы і выступ іншых гасцей – паэта Уладзіміра Някляева і спявачкі Вольгі Акуліч, якая разам з гуртом “Верасень” прывезла праграму лірычных спеваў, аднолькава блізкіх і сталічным мастакам, і мясцовым вернікам.

Друя
Згодна з умовамі пленэру, лепшую, з гледзішча яго гаспадара, працу кожны мастак пакінуў у кляштары, зрабіўшы чарговы ўнёсак у фонд Друйскай карціннай галерэі, бліжэйшая выязная выстава твораў з якой прызначаная ў мінскім Чырвоным касцёле.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі