Мітрапаліт Кандрусевіч: Абвешчаная 27 гадоў таму незалежнасць забуксавала, бо не змяніўся чалавек

Ивенец
У Івянцы 28 ліпеня распачаліся Х дні каталіцкай моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Форум адбываецца на базе парафіі святога Міхала Арханёла, дзе напярэдадні распачалася “Музычная майстэрня”, удзел у якой узялі 230 маладых людзей з розных куткоў Беларусі. Урачыстую святую Імшу на адкрыццё моладзевага форуму ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе catholic.by.

Вітаючы моладзь, мітрапаліт нагадаў, што дэвіз сустрэчы моладзі – «Вялікае ўчыніў мне Усмагутны» – выкарыстоўваецца ў розных нагодах вельмі часта: «Папа Францішак, выбіраючы гэты дэвіз для Сусветных Дзён Моладзі са славутага гімна Magnificat, хацеў звярнуць увагу сучаснай моладзі на Марыю, каб, бяручы з яе прыклад, ісці наперад у духоўным удасканальванні», – падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Марыя не была канапавай жанчынай, каб бяспечна сядзець і чакаць у мора надвор’я. Не трэба баяцца цяжкасцей, бо калі Бог кліча да нейкай місіі, то ён дасць адпаведныя сілы», – патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч сутнасць духоўнага выбару Панны Марыі, дадаўшы: «Калі Бог нас кліча, то не глядзіць на тое, што мы слабыя і грэшныя, але бачыць тое, што мы можам зрабіць, як гэта і адбылося з Марыяй. Калі будзем браць прыклад з яе, то зможам стаць інструментам удасканалення свету і пакінуць след на зямлі, як кажа Святы Айцец».

Ивенец
“Учора мінула 27-ая гадавіна прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Колькі надзеі і энтузіязму ў той дзень вылілася на вуліцы нашых гарадоў! Але ці ўсё рэалізавалася? Далёка не ўсё. Бо не дастакова сказаць, што змена сацыяльна-палітычнага строю аўтаматычна прывядзе да пабудовы новага грамадства. Каб гэта адбылося, неабходна змяніць чалавека”, – нагадаў мітрапаліт Кандрусевіч.

“Памятаю, як у часы гарбачоўскай перабудовы СМІ пісалі, што яна буксуе. Тады літоўскі кардынал Вінцэнтас Слакявічус, які доўгі час быў інтэрнаваны савецкімі ўладамі, сказаў, што перабудова не пойдзе наперад і будзе буксаваць, пакуль не будзе «перабудаваны», зменены, сам чалавек”, – рэзюміраваў іерарх.

Гурт “Кана”: Граць, каб быць вернымі Богу

Адмысловым госцем Дзён моладзі стаў украінскі хрысціянскі гурт «Кана», які заспяваў некалькі сваіх песен на выніковым канцэрце “Музычнай майстэрні “.

“Фолк аб’ядноўвае музычныя густы ўсіх удзельнікаў нашай каманды. І мы стараемся розныя жанры сумясціць менавіта з фолкам. Гэта такая разынка нашага гурта. Гэта ідэнтычнасць, якая нас характарызуе, і мы стараемся максімальна працаваць ў гэтым напрамку”, – апавядаюць музыкі пра сваю творчасць, дадаючы: “Ёсць момант, калі ты граеш і разумееш, што табе гэта падабаецца, потым граеш і бачыш, што гэта цябе развівае, а потым разумееш, што граеш таму, што ты верны Богу”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі