Епіскап Арцемій: “На Гродзеншчыне канфесійная мяжа праходзіць праз сем’і

Артемий
Праваслаўны епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, каментуючы другое выданне сваіх пропаведзяў па-беларуску, вельмі папулярнае сярод святароў, кажа, што беларуская мова кнігі для яго прынцыповая.

“Найперш святарам трэба пераходзіць на мову ў пропаведзях. Перавесьці ўвесь чын богаслужбы –складана, вельмі цяжка перакласьці тэксты. Каб перакласці іх якасна, трэба мець такіх святароў, як Кірыла Тураўскі, чалавек пяць. Тады, можа, што і зрабілі б. А пропаведзь натуральная для кожнага святара, і народ, слухаючы яе на роднай мове, будзе ўзбагачацца культурай свайго краю. Мы ж ведаем, калі прыходзілі захопнікі на нашую зямлю, яны, найперш, знішчалі храмы і мову. Без веры і мовы чалавек ператвараецца ў жывёліну, якою лёгка кіраваць. А прыкметы свабоднай асобы – вера і свая нацыянальная культура. Таму вельмі важна, каб гучалі пропаведзі па-беларуску”, – разважае епіскап Арцеміў у гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода.

Гродзеншчына – тэрыторыя, аднолькава шчыльна належная і каталікам, і праваслаўным. Разважаючы пра міжканфесійныя стасункі, епіскап Арцемій падкрэслівае: “На маю думку, усе канфліктныя сітуацыі паміж канфесіямі не столькі рэлігійныя, колькі палітычныя. Чалавек, які мае Бога ў душы, зусім іначай ставіцца да свайго сабрата па веры. А ў нас часам імкнуцца ўсадзіць клін мірскога бязбожжа паміж канфесіямі. Навошта? Скажам, я глыбока ўпэўнены, што ратаванне для нас – у праваслаўі. Але некаторыя людзі думаюць іначай. Ну і няхай сабе. Чалавек заходняга складу не зможа выстаяць доўгую ўсходнюю богаслужбу. А чалавек усходні не зразумее богаслужбаў заходняга, калі некалькі Літургіяў служыцца цягам аднаго дня”.

“У нас на Гродзеншчыне канфесійная мяжа праходзіць праз сем’і, і мы не маем права распальваць варожасць. Наша задача – знайсці агульнае. Хочаш давесці рацыю – давядзі праз Евангелле, давядзі сваім жыццём”.

У якасці прыкладу добрасуседства епіскап Арцемій прыводзіць прыклад гарадскога шпіталя, дзе працуюць праваслаўныя і каталіцкія групы міласэрнасці, у палатах ляжаць і праваслаўныя, і каталіцкія абразкі. “Зайшла каталіцкая манахіня і запрасіла мяне на споведзь. Я сядзеў проста ў халаце. На яе словы «слава Ісусу Хрысту!» я адказаў: «Слава навекі!» Яна мяне запрасіла на споведзь, я падзякаваў і сказаў, што калі дактары адпусьцяць, то прыйду”, – узгадвае ўладыка Арцемій.

“Мы шмат гаворым пра мову, але мала што робім”, – адказвае епіскап Арцеімй на пытанне, – чаму праваслаўныя не карыстаюцца беларускай мовай так паўсюдна, як каталікі.

“Той, каму не хапае мовы ў царкве, сам, як правіла, у царкву ня ходзіць. Калі мы ўводзім у богаслужэнні беларускую мову, людзі часам пярэчаць: нашто нам гэта, пакіньце, як было раней. Прыйшлі вернікі з Каложы з пытаннем: чаму ў нас няма беларускамоўных богаслужбаў? Я адказаў, што калі вы гэтага хочаце, то яны з’явяцца. І мы дабраславілі кожную суботу служыць па-беларуску. Думаеце, храм стаў перапоўнены? Тыя просьбіты адзін раз прыйшлі, паслухалі, папляскалі ў далоні. А потым засталіся тыя ж бабулькі”, – апавядае епіскап Арцемій, дадаючы, што ягоная мара – каб ва ўсіх нядзельных школах выкладалі па-беларуску.

“Я звяртаюся да бацюшак, калі наведваю прыходы, прашу шукаць настаўнікаў, каб вучылі нашых дзетак па-беларуску. Мы ўжо – як ёсць, але дзеткі няхай з дзяцінства прывучаюцца да роднай мовы ў царкве”, – кажа кіраўнік Гродзенскай епархіі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі