У Лагішынскі санктуарый упершыню пехам прыйдуць грэка-каталікі

Логишин
У Лагішыне ля Пінска 21-22 жніўня пройдуць традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся.

Сёлета вернікі Палесся адзначаць 20-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай і 100-годдзе Фацімскіх аб’яўленняў.

У Лагішын вырушаць дзве пешыя пілігрымкі рыма-каталікоў – з Баранавічаў і Бярозы.

Упершыню ў Лагішын накіруецца грэка-каталіцкая пілігрымка з Івацэвічаў, паведамляе catholic.by.

21 жніўня ў 18.00 вернікаў прывітае кусташ санктуарыя кс. Тадэвуш Шэшка FDP, пасля чаго пачнецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У 21.00 адбудзецца акафіст у выкананні хору грэка-каталікоў, у 22.00 – святая Імша з удзелам пілігрымаў на палявым алтары, пазней – працэсія са свечкамі і абразом Маці Божай Каралевы Палесся, канцэрт праслаўлення, начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

22 жніўня ў 08.00 адбудзецца святая Імша ў касцёле перад абразом Маці Божай Каралевы Палесся, у 10.00 – урачыстая святая Імша на палявым алтары.

Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка звярнуўся да вернікаў Пінскай дыяцэзіі з адмысловым пастырскім пасланнем на пачатак урачыстасцяў у Лагішыне.

“Сёлета ва ўсім свеце адзначаецца 100-годдзе Фацімскіх аб’яўленняў, у якіх Марыя заклікае да пакаяння і навяртання праз ружанцовую малітву і набажэнства першых суботаў месяца, каб Ісус прабачыў нам нашыя грахі. Акрамя Марыі нашымі новымі заступнікамі перад Богам будуць новыя святыя Касцёла – фацімскія дзеці, Францішак і Гіяцынта, кананізаваныя папам Францішкам 13 траўня”, – падкрэслівае ў пасланні біскуп Пінскі, нагадваючы словы Папы Францішка: «Пад апекаю Марыі мы з’яўляемся ў свеце “вартаўнікамі світанку”, якія могуць сузіраць праўдзівае аблічча Ісуса”.

“У дзень уваходу пешых пілігрымак з Бярозы і Баранавічаў да Каралевы Палесся ў Лагішыне вы маеце асаблівую магчымасць памаліцца праз заступніцтва Маці Божай. Гэта асаблівы дар, які павінны выкарыстаць усе пілігрымы”, – дадае біскуп.

“Тых, хто па розных прычынах не зможа пілігрымаваць фізічна, запрашаю прыняць духоўны ўдзел. Заахвочваю душпастыраў дыяцэзіі, каб у сваіх парафіях праводзілі ў гэты час малітоўныя сустрэчы, злучаныя са святой Імшой і малітваю за пілігрымаў, што ідуць да Каралевы Палесся. Такая форма вашага ўдзелу ў шматлікіх гарадах і вёсках Брэсцкай і Гомельскай абласцей будзе канкрэтным сведчаннем духоўнага пілігрымавання. Ваша малітва, пост і ахвяра дзеля пілігрымаў стане важнай духоўнай і матэрыяльнай падтрымкай удзельнікаў і арганізатараў пешых пілігрымак з Баранавічаў і Бярозы”, – заклікае біскуп Дзям’янка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі