Дзярждэп ЗША: У Беларусі па-ранейшаму абмяжоўваюць свабоду рэлігіі

автозак

Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду сумлення, але ўлады перыядычна яе парушаюць, даючы прэферэнцыі адным і пераследуючы іншых. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб захаванні рэлігійнай свабоды ў свеце ў 2016 годзе.

Сярод праблем у рэлігійнай сферы ў краіне адзначаецца заканадаўчае прызнанне «вызначальнай ролі» Праваслаўнай Царквы і гістарычнай важнасці каталіцызму, юдаізму, ісламу і лютэранства, тады як новых рэлігійных груп, старавераў і кальвіністаў гэта не тычыцца.

Таксама ў 2016 годзе ўлады Беларусі працягнулі затрымліваць і штрафаваць людзей за правядзенне несанкцыянаваных рэлігійных сходаў у прыватных дамах, празелітызм і адмову служыць у арміі. Так, адзначаюцца затрыманні сведак Іеговы ў Стоўбцах, Крычаве і Мінску, хоць яны не дайшлі да суду або скончыліся без складання пратаколаў. У Горках аштрафавалі баптыстку Лілію Шульган за сход вернікаў у яе доме без дазволу, у Пінску — крышнаіта Сяргея Бондарава за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і публічныя спевы, у Брэсце — сведку Іеговы Віктара Каліну за адмову ад вайсковай службы.

Акрамя таго, было адмоўлена ў рэгістрацыі шэрагу рэлігійных груп, а сведкам Іеговы і зусім прыгразілі адклікаць рэгістрацыю. Сярод абмежаванняў адзначана тое, што ў адрозненне ад праваслаўных і каталікоў, пратэстанцкія, мусульманскія і іншыя рэлігійныя групы не мелі доступу ў турмы да сваіх адзінаверцаў-зняволеных. Дзярждэп ЗША таксама згадвае адмовы ў візах і прадаўжэнні магчымасці служэння святарам-замежнікам, немагчымасць шэрагу суполак арандаваць памяшканні з-за ціску ўладаў на іх уладальнікаў.

Пратэстанцкія групы заявілі аўтарам дакладу аб запалохванні з боку ўладаў за спробы распаўсюдзіць сваю літаратуру, тады як БПЦ можа свабодна рабіць гэта. Таксама святароў БПЦ пастаянна запрашаюць у школы для лекцый вучням, а школьнікаў адпраўляюць на экскурсіі ў праваслаўныя царквы. Царква «Новае жыццё» ніяк не можа дамагчыся размарозкі сваіх рахункаў.

У дакладзе адзначаецца вандалізм на сінагогах, габрэйскіх могілках і манументах ў Валожыне, Мінску, Магілёве і Пінску, а таксама будаўнічыя работы на месцы былых лютэранскіх могілак у Мінску.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі