Крым, Кадыраў, Мікалай ІІ і Ленін: мітрапаліт Павел заклікаў не глядзець фільм “Мацільда” (відэа)


Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, заклікаў праваслаўных вернікаў не глядзець фільм “Мацільда” расійскага рэжысёра Аляксея Учыцеля.

Стужка, прэм’ера якой прызначаная на 25 кастрычніка, апавядае пра гісторыю кахання апошняга расійскага імператара Мікалая II і славутай балярыны Мацільды Кшасінскай.

Павел

“Я паглядзеў ролікі гэтай стужкі і згодны са словамі аднога нашага мітрапаліта: “Апафіёз пошласці”, – разважае мітрапаліт Павел 28 жніўня ў адмысловай праграме “Размовы з уладыкам Паўлам” на АНТ, нагадваючы, што афіцыйнай пазіцыі наконт стужкі Руская Праваслаўная Царква пакуль не выказала і наўрад ці мае намер патрабаваць забароны твору мастацтва. Тым не меней, мітрапаліт Павел заклікае беларускіх вернікаў “галасаваць нагамі” і стужку не глядзець.

“Звярніце ўвагу – хрупкая кабета Наталля Паклонская, былы пракурор Крыма, мужна выступіла супраць гэтай пошласці”, – кажа уладыка Павел, разважаючы пра тое, што “крымчане – асаблівыя людзі, якія вельмі тонка адчуваюць панятак дзяржаўнасці”. У стужцы зняважаныя не рэлігійныя пачуцці, а менавіта панятак дзяржаўнасці, – упэўнены кіраўнік БПЦ.

У якасці абаронцы дзяржаўных каштоўнасцяў ад “Мацільды” мітрапаліт Павел узгадвае Рамзана Кадырава, главу Чачні, падкрэсліваючы, што “менавіта каўказскія народы тонка адчуваюць немагчымасць глуміцца над старэйшымі, над дзяржавай, над дзяржаўнасцю”.

Вялікі рэзананс у сацыяльных сетках выклікала зробленая мітрапалітам Паўлам паралель аб тым, што сёння зняты фільм пра асабістае жыццё імператара, заўтра можа быць зняты фільм пра асабістае жыццё Уладзіміра Леніна: “Здымуць, што Ленін рабіў у шалашы, што ён рабіў у Парыжы”. На думку ўладыкі Паўла, асабістае жыццё і імператара Мікалая, і кіраўніка кастрычніцкага перавароту, які паклаў пачатак рэпрэсіям супраць Царквы і масавым забойствам вернікаў і духавенства, павіннае быць табуіраваным.

Асаблівую “аплявуху расійскай дзяржаўнасці” мітрапаліт Павел бачыць у тым, што прэм’ера стужкі прызначаная на 25 кастрычніка – дзень кастрычніцкай рэвалюцыі па старым стылі.

2017 год, згодна пастанове Сінода РПЦ, з’яўляецца годам асаблівага памінання ўсіх, знішчаных у выніку кастрычніцкай рэвалюцыі, найперш – праваслаўных новапакутнікаў, святароў і вернікаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі