У мінскім музеі прадставяць сапраўдную 500-гадовую Біблію Скарыны

скарына

7 верасня а 17-й гадзіне ў рамках мерапрыемстваў Дзён беларускага пісьменства ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы генеральнага партнера кампаніі «Japan Tabacco International у Рэспубліцы Беларусь» і пры ўдзеле ААТ «Пріорбанк» адкрываецца выстаўка «Беларусь: адраджэнне духоўнасці».

Духоўнае адраджэнне – неабходны працэс развіцця і ўмацавання незалежнасці краіны, а духоўныя каштоўнасці маюць выключнае значэнне для вызначэння ідэалогіі дзяржавы. У Беларусі на працягу ўсёй яе гісторыі духоўныя каштоўнасці фарміраваліся пры ўзаемадзеянні і ўзаемаўплыве рэлігіі і свецкай культуры, таму адна з задач выставачнага праекту – паказаць шляхі фарміравання духоўных прынцыпаў жыцця беларусаў у розныя часы праз народныя традыцыі, рэлігію, мастацтва. Наступная задача – адлюстраваць станоўчыя працэсы адраджэння духоўнасці ў нашыя дні: рост цікаўнасці беларусаў да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне дзяржавай належных умоў для развіцця культуры, функцыянавання рэлігій. Нарэшце, выстаўка засведчыць дасягненні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў краіны ў справе захавання, вывучэння і прэзентацыі помнікаў гісторыі і культуры. Не выпадкова таму поруч з Нацыянальным гістарычным музеем у праекце прымаюць удзел Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Музей Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Статус міжнароднай выстаўка набывае дзякуючы ўдзелу ў ёй Дзяржаўнага гістарычнага музея г.Масквы, які прэзентуе ўнікальны помнік кнігавыдавецкай справы – пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 г. Гэта кніга, на жаль, адсутнічае ў Беларусі. Расійскія калегі не толькі далі дазвол на экспанаванне рарытэту, але і адсканавалі яго асобныя старонкі, каб наведвальнікі мелі магчымасць «пагартаць» Біблію з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій.
Выстаўка знаёміць з гісторыяй узнікнення і функцыянавання рэлігій на тэрыторыі Беларусі. Адкрывае экспазіцыю раздзел, прысвечаны язычніцтву – традыцыйнай рэлігіі старажытных плямёнаў на тэрыторыі краіны. Самы вялікі раздзел экспазіцыі пазнаёміць з асноўнымі рэлігіямі – праваслаўем, каталіцызмам, іудаізмам, ісламам, якія мірна суіснуюць у Беларусі. Для гэтага выкарыстаны калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея і іншых музеяў, а таксама прыватных збораў: калекцыі археалогіі, абразоў, жывапісу, нацыянальнага касцюма, рукапісаў і старадрукаў, каштоўных металаў і інш. Усяго ў экспазіцыю ўвойдуць звыш 400 помнікаў гісторыі і культуры, шмат якія з іх будуць экспанавацца ўпершыню: пячатка Еўфрасінні Полацкай 12 ст., сценапіс Праабражэнскай царквы Спасаўскага манастыра ў Полацку 19 ст., унікальная калекцыя срэбных кідушных бакалаў, алтарны каталіцкі жывапіс і інш.

У выстаўцы таксама бярэ ўдзел Свята-Елісавецінскі манастыр, які пакажа сучасныя ўзоры іярэйскага аблачэння, абразы, плашчаніцы. Заключны раздзел прысвечаны кніжнай культуры і дзейнасці беларускага асветніка-гуманіста Францыска Скарыны.

Па задуме арганізатараў, выстаўку будзе суправаджаць шэраг інтэрактыўных элементаў, у прыватнасці, друкарскі станок, з дапамогай якога кожны зможа вырабіць копію гравюры Скарыны.

Намеснік генеральнага мэнэджэра JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў адзначыў: «Садзейнічанне захаванню гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай кампаніі ў сацыяльна-культурнай сферы. Для нас асабліва важна, што падтрымка JTI дазволіць беларусам убачыць і пазнаёміцца з арыгіналам такога рарытэту, як пражская Біблія Скарыны, значэнне якой для далучэння Беларусі да агульнасусветнай інтэлектуальнай традыцыі цяжка пераацаніць ».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі