Экалагічнае супольнае пасланне Папы Францішка і Патрыярха Варфаламея І

У пятніцу, 1 верасня, калі адзначаецца Дзень малітвы ў намер клопат аб захаванні стварэння, абнародавана адпаведнае сумеснае пасланне Папы Францішка і Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея I:

Аповед аб стварэнні прапануе нам панарамны погляд на свет. Святое Пісанне абвяшчае, што «ў пачатку» Бог прызначыў чалавецтва супрацоўнічаць у клопаце аб прыродным асяроддзі і ў яго абароне. У пачатку, як чытаем у Кнізе Быцця (2,5), «не было яшчэ на зямлі ніякай палявой расліны, не расла яшчэ ніякая трава на полі, бо Гасподзь Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і не было чалавека, каб абрабляць зямлю». Зямля даручана нам як выдатны дарунак і спадчына, за якую мы ўсе падзяляем адказнасць, пакуль «у канцы» ўсе рэчы на небе і на зямлі не будуць зноўку аб’яднаны ў Хрысце (пар. Эф 1,10). Чалавечыя годнасць і росквіт глыбока злучаныя з адказнасцю аб ўсім тварэнні.

Аднак, “тым часам”, гісторыя свету прадстаўляе цалкам іншае становішча. Яна паказвае нам карціну маральнага заняпаду, дзе нашы паводзіны і стаўленне зацяняюць пакліканне быць Божымі супрацоўнікамі. Наша схільнасць разбіваць далікатныя і ўраўнаважаныя экасістэмы свету, ненасытнае жаданне маніпуляваць і кантраляваць абмежаваныя рэсурсы планеты, прагнасць у запампоўцы з рынку неабмежаваных даходаў аддалілі нас ад першапачатковага задуму стварэння. Мы перасталі паважаць прыроду як агульны дар, затое ўспрымаем яе як прыватную ўласнасць. Мы не будуем узаемаадносін з прыродай з мэтай яе падтрымаць, а, хутчэй, пануем над ёй, каб падтрымліваць уласныя структуры.

Наступствы гэтага альтэрнатыўнага бачання свету з’яўляюцца трагічнымі і працяглымі. Чалавечае і прыроднае становішча псуюцца разам, і гэты заняпад планеты цяжарам вісіць над уразлівымі людзьмі. Уплыў кліматычных змяненняў адбіваецца найперш на тых, хто вядзе беднае жыццё ў кожным кутку зямнога шара. Наш абавязак адказна выкарыстоўваць даброты зямлі ўключае прызнанне і павагу да кожнай чалавечай асобы і ўсіх жывых істот. Неадкладныя пакліканні і выклік клапаціцца аб стварэннях з’яўляецца запрашэннем для ўсяго чалавецтва дзейнічаць у інтарэсах устойлівага і цэласнага развіцця.

Таму, злучаючыся ў той жа заклапочанасці аб стане Божага тварэння і прызнаючы, што зямля з’яўляецца агульным дабром, горача запрашаем усіх людзей добрай волі прысвяціць 1 верасня час для малітвы за навакольнае асяроддзя. З гэтай нагоды імкнёмся падзякаваць добразычліваму Стваральніку за цудоўны дар стварэння і абавязак ахоўваць яго і захаваць для будучых пакаленняў. Нарэшце, мы ведаем, што працуем дарэмна, калі Бог не ёсць побач з намі (пар Пс. 126/127), калі малітва не знаходзіцца ў цэнтры нашых разважанняў і службаў. У рэчаіснасці, мэтай нашай малітвы ёсць прага змяніць спосаб погляду на свет з мэтай змяніць спосаб пабудовы адносін з ім. Канчатковай мэтай, якую ставім перад сабой, з’яўляецца жаданне быць адважнымі ў тым, каб укараняць больш прастаты і салідарнасці ва ўласны стыль жыцця.

Звяртаемся з неадкладным заклікам да тых, хто займае ўплывовыя пазіцыі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах, каб яны адказна прыслухоўваліся да ляманту зямлі і з належнай увагай паставіліся да патрэбаў маргіналізаваных, але, перш за ўсё, каб адказалі на просьбы шматлікіх людзей і падтрымалі глабальную згоду з мэтай аздараўлення зраненага стварэння. Мы перакананыя, што цяперашняе і сталае рашэнне выклікаў экалагічнага крызісу і кліматычных змяненняў немагчыма без узгодненага і калектыўнага адказу, без падзеленай і здольнай усвядоміць зробленае адказнасці, без надання прыярытэту салідарнасці і служэння.

Дадзены ў Ватыкане і ў Фанары 1 верасня 2017 года

Папа Францішак і Сусветны Патрыярх Варфаламей

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі