У Магілёве вернікі розных канфесіяў пачалі чытаць Біблію разам

Могилев
У Магілёве 3 верасня распачаліся экуменічныя чытанні Бібліі, прымеркаваныя да 500-годдзя выдання Францішкам Скарынам Святога Пісання на беларускай мове.

На першую сустрэчу прыйшлі больш за 150 чалавек – каталікі, праваслаўныя і пратэстанты, у тым ліку – пастар евангельска-лютаранскай грамады Магілёва Іван Масюра і каталіцкі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, паведамляе catholic.by.

Біскуп Яшэўскі нагадаў на пачатку сустрэчы, што Францішак Скарына перш за ўсё клапаціўся пра тое, каб перадаць людзям Божае слова на зразумелай роднай мове, каб, як казаў першадрукар, «людзі ежу для душы і цела атрымалі».

«Я не чакала, што збярэцца поўная зала. Было прыемна бачыць, што на сустрэчу прыйшлі не толькі “свае”, католікі, але і людзі, якіх я бачыла ўпершыню. Сабраліся хрысціяне самага рознага ўзросту – ад маладога пакалення да людзей сталага ўзросту. Уразіла, што сваімі думкамі вырашылі падзяліцца і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. Адчуваўся дух адзінства. Людзі, якія ўпершыню бачылі адно аднаго, адважна дзяліліся Божым словам. Так, адна дзяўчына, узгадваючы гісторыю са Святога Пісання пра хворага, якога прынеслі сябры і разабралі страху, каб той трапіў да Езуса, выказала вялікае здзіўленне і захапленне такім прыкладам сяброўства», – апавядае магілёўская каталічка Яна Шумская.

Наступныя сустрэчы пройдуць 10, 17 і 24 верасня з 19.45 да 20.45 у зале Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (вул. Камсамольская, 12).

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі