Мітрапаліт Кандрусевіч у Мюнхене: Еўрапейскі крызіс трэба ўспрымаць як боль

Кондрусевич
Дэлегацыя беларускіх каталікоў на чале з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам бярэ ўдзел у 21-м Міжнародным кангрэсе дабрачыннай арганізацыі “Renovabis”, які распачаўся 6 верасня ў Германіі ў Мюнхене.

Арганізатары форума запрасілі кіраўнікоў рэгіянальных Цэркваў, святароў і свецкіх вернікаў з краінаў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропы, каб абмеркаваць прычыны недаверу да структураў Еўрапейскага Саюза, паведамляе catholicnews.by.

Тэма дыскусіі гучыць як “Крызіс як шанц для Еўропы. Уклад Касцёла”. Ідэя еўрапейскай інтэграцыі знаходзіцца пад пагрозай, сведчаннем чаму з’яўляюцца крызісныя настроі ва ўсіх частках Еўропы, рост папулярнасці нацыяналістычных і папулісцкіх рухаў – гэтая думка будзе галоўнай падчас працы святароў і вернікаў.

“Аспекты гэтага крызісу розныя: фінансавыя, эканамічныя, палітычныя, звязаныя з міграцыяй; але ёсць яшчэ і духоўны крызіс, пра што часта забываюцца. Крызіс – гэта як хвароба: калі б мы не адчувалі болю, то жылі б сабе далей без усведамлення катастрофы, якая набліжаецца. Еўрапейскі крызіс трэба ўспрымаць як боль, каб быць у стане выкарыстаць гэту сітуацыю. Мне здаецца, што Касцёл павінен дапамагчы Еўропе абудзіцца са сну, каб вярнуцца да хрысціянскіх каранёў. І тут Касцёлы ва Усходняй Еўропе, у прыватнасці ў Беларусі, могуць вельмі моцна дапамагчы сваім сведчаннем”, – разважае мітрапаліт Кандрусевіч.

У склад дэлегацыі ўвайшла таксама навуковы супрацоўнік Аддзялення усходне-еўрапейскай гісторыі Універсітэта Іагана Гутэнберга ў Майнцы доктар Алена Альшанская, якая з’яўляецца экспертам па пазіцыі Рускай Праваслаўнай Царквы.

Словы прывітання да ўдзельнікаў экуменічнага Кангрэса скіравалі старшыня Еўрапейскай Камісіі Жан-Клод Юнкер і канцлер Германіі Ангела Меркель.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі