У Беларусі плануюць забараніць продаж алкаголю пасля 23:00 у магазінах і на АЗС

алкоголь

У Беларусі плануецца забараніць продаж алкаголю пасля 23:00 у магазінах і на АЗС, паведаміў 6 верасня начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей. Паводле яго, у краіне неабходна ўвесці строгія меры ў сферы абароту алкаголю, перадусім абмежаваць час продажу алкаголю ў розніцу.

“У ідэале, як гэта зроблена ў многіх краінах, можна гаварыць аб дзесяці гадзінах вечара. Але пасля абмеркавання з зацікаўленымі ведамствамі, у прыватнасці з МАРГ, прыйшлі да высновы, каб спачатку хаця б пасля 23:00 перастаць прадаваць алкаголь у розніцу”, – сказаў ён, паведамляе БелТА.

Алег Каразей адзначыў, што правільна было б гэта зрабіць не толькі ў магазінах, але і на аўтазаправачных станцыях, бо тыя, хто не паспеў набыць спіртное ў магазінах, нярэдка накіроўваюцца па яго на АЗС, у тым ліку і знаходзячыся за рулём.

Праваахоўнікі адзначаюць, што 80% забойстваў, разбояў і грабяжоў, выпадкаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў учыняецца людзьмі ў стане алкагольнага ап’янення. “Большасць гэтых правапарушэнняў не было б учынена, калі б людзі не знаходзіліся пад уплывам алкаголю”, – заўважыў прадстаўнік МУС, дадаўшы, што трэба і далей прымаць меры па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, не спыняючыся на дасягнутым.

Кіраўнік кампаніі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”, лідар Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова вітала гэтыя прапановы ўладаў. “Мы ў межах кампаніі ужо тры гады займаемся даследаваннямі, аналізам досведу іншых краін і лабіяваннем заканадаўчых прапаноў у органах улады. За гэты час пад калектыўнымі зваротамі у падтрымку нашых прапаноў паставілі свае подпісы больш за 30 000 грамадзян. І спадзяюся, што ўсё ж такі ў хуткім часе будуць прыняты заканадаўчыя абмежаванні продажу алкаголю, пра якія ідзе размова ўжо каля года”, – адзначыла яна, паведамілі ў БХД.

Паводле яе, МУС і Мінаховы здароўя – гэта тыя структуры, якія больш за іншых разумеюць і бачаць шкоду ад празмернага ўжывання алкаголю. “А абмежавальныя меры – гэта адзіны эфектыўны спосаб зменшыць ужыванне. Забараняць продаж нельга і неэфектыўна, але абмежаваць час продажу і вынесці алкаголь у асобныя аддзелы, а таксама не прадаваць алкаголь на АЗС і выбарчых участках – гэта нармальная практыка іншых краін. Таксама важна якасць алкаголю, тое, што называецца «чарнілам» – гэта адзінае, што трэба забараніць”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі