Арцыбіскупа Кандрусевіча здзівіла метадычка Капыльскага райвыканкама пра сем’і вернікаў

Кандрусевіч2

Каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч “з вялікім узрушэннем і непаразуменнем” прачытаў на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама тэкст метадычнага дапаможніка «Праца з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў сацыяльна-псіхолага-педагагічнай падтрымцы», паводле якога ў катэгорыю праблемных сем’яў трапляюць таксама сем’і з трыма і больш дзецьмі і сем’і веруючых.

“Маючы на ўвазе тое, што большасць жыхароў Беларусі з’яўляецца веруючымі, стваральнікі дакумента сцвярджаюць, што патэнцыйна большасць сем’яў нашай краіны з’яўляюцца небяспечнымі”, — адзначыў ён, паведамляе Catholic.by.

Паводле мітрапаліта, гэтым самым нашаму грамадству навязваецца нерэлігійны стыль жыцця, што супярэчыць «Закону Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», у якім напісана, што бацькі маюць права выхоўваць сваіх дзяцей згодна са сваімі рэлігійнымі перакананнямі, а дзяржава не мае права ўмешвацца ў гэты працэс, акрамя выпадкаў, калі ствараецца небяспека для дзіцяці. Здзівіла арцыбіскупа і негатыўнае ўспрыманне шматдзетных сем’яў, што супярэчыць намаганням улады да павeлічэння нараджальнасці ў нашай краіне.

“Як тады можна рэалізаваць мары аб 20 мільёнах жыхароў Беларусі?” – задаўся пытаннем Тадэвуш Кандрусевіч, выказаўшы спадзеў, што ініцыятывы кіраўніцтва краіны аб вырашэнні дэмаграфічных праблем і клопату аб сем’ях не знойдуць перашкод і будуць паўсюдна падтрымлівацца.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі