Каталіцкія Гарадзенскія біскупы пачалі візітацыю Лідскага дэканату

11 верасня ў Лідскім дэканаце Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі распачалася біскупская кананічная візітацыя. Біскуп-ардынарый Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі пазнаёмяцца з душпастырскім служэннем у парафіях Лідскага дэканату і прааналізуюць іх духоўны, душпастырскі, матэрыяльны аспекты.

11 верасня дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі наведаў з кананічнай візітацыяй піярскую парафію імя Унебаўзяцця НПМ у Лідзе (мікрараён Індустрыяльны). На прыступках парафіяльнай святыні біскупа вітаў пробашч а. Андрэй Агель SP, вікарый а. Аляксандр Махнач SP і дэкан Лідскага дэканату кс. Андрэй Роўба CRL.

Пасля прывітання вернікамі пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP пазнаёміў іерарха з гісторыяй парафіі.

Біскуп Юзаф у гаміліі між іншым нагадаў пра тое, каб гэтая прыгожая святыня, якая 25 жніўня была ўрачыста асвечана, заўсёды была месцам сустрэчы вернікаў з Богам і каб яна ніколі не была пустой.

Пасля святой Імшы адбылася сустрэча біскупа Юзафа з вернікамі парафіі. Дыялог адбыўся ў даверлівай і сямейнай  атмасферы. Пасля размовы з вернікамі парафіі, біскуп удзяліў усім пастырскае благаслаўленне і раздаў абразікі.

Пастырскі візіт, які адбываецца такім чынам, з’яўляецца знакам прысутнасці Пана, які наведвае свой народ, прыносячы яму супакой.

тэкст: а. Аляксандр Махнач SP
фота: Сяргей Масло

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі