«Мама!» – Біблія і рэлігія ў пераказе гностыкаў

motherposters

У верасні ў беларускіх кінатэатрах можна ўбачыць новы фільм амерыканскага кінарэжысёра Дарэна Аранофскі, вядомага па карцінах «Пі», «Рэквіем па мары», «Фантан», «Чорны лебедзь», «Ной» і іншыя, – «Мама!» з Джэніфер Лоўрэнс і Хаўерам Бардэмам у галоўных ролях.

Фільм не карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гледачоў, якія часта пакідаюць залу, не дачакаўшыся заканчэння стужкі. Некаторыя з іх падчас прагляду смяюцца, мацюкаюцца, а пасля заканчэння заяўляюць, што ў наступны раз прыйдуць на “нармальнае кіно”. Не да канца разумеюць «Маму!», прынамсі, на нашу думку, і ўсе крытыкі. Так, вядомы беларускі кінакрытык, журналіст Сяргей Філімонаў ахарактарызаваў стужку на сваёй старонцы ў Facebook як фільм пра «адносіны творчага чалавека з навакольным асяроддзем, сям’ёй, аб пагардзе бытам».

Аднак, на нашу думку, ідэя фільма больш глыбокая і адлюстроўвае чарговую спробу рэжысёра спазнаць Бога, асэнсаваць Яго ўзаемаадносіны з чалавекам, як гэта ўжо можна было бачыць у «Пі», «Фантане» і часткова ў «Ноі».

Чытаючы рэцэнзіі на фільм, можна сустрэць меркаванні, што ў фільме прысутнічаюць біблейскія матывы. Аднак у рэчаіснасці ў фільме Бібліі значна больш, чым проста матываў або асобных сюжэтных ліній. «Мама!» – гэта пераказ Бібліі ў сімвалах і вобразах, блізкіх кожнаму з нас. І калі ў «Пі» і «Ноі» пераважалі юдэйскія трактоўкі Бога і Бібліі (Дарэн Аранофскі вырас у сям’і, чальцы якой прытрымліваліся кансерватыўнага юдаізму), то ў новай стужцы ёсць адсылкі і да Евангелля, і ў цэлым да Новага Запавету, а таксама агулам да хрысціянства. Праўда, усе гэтыя трактоўкі не хрысціянскія і нават не юдэйскія, а хутчэй гнастычныя.

УВАГА СПОЙЛЕРЫ!

У цэнтры фільма ляжыць традыцыйнае для гнастыцызму ўяўленне аб дуалізме духу і матэрыі. Паэт, якога гуляе Хаўер Бардэм, паўстае ў ролі гнастычнага Дэміурга, які, як і ва ўяўленнях гностыкаў, ствараючы свет, не ведае, што творыць і пастаянна памыляецца. Пры гэтым ён мае патрэбу для стварэння сваіх твораў у матэрыяле і зразумелы розуму ўзоры, у тым ліку ў людзях, якія б натхнялі яго на напісанне новых кніг і адначасова шанавалі б яго.

Супрацьлегласць яму – гераіня Джэніфер Лоўрэнс, мама, якая спрабуе стварыць свой маленькі рай. У пэўнай ступені яна з’яўляецца персаніфікацыяй Зямлі і той любові, якой няма ў Дэміурга і якая так патрэбна яму для новага стварэння. Пакуль Паэт займаецца пошукам натхнення, яна ў адзіночку ўладкоўвае іх свет.

Але тут ён ўпускае ў іх рай чалавека, затым з’яўляецца жонка (яе з’яўленне таксама наўпрост адсылае да Бібліі). Разам яны пачынаюць уладкоўваць чужы рай на свой лад і нават прабіраюцца ў забаронены кабінет Паэта, дзе разбіваюць забаронены плод. Затым з’яўляюцца іх сыны, адбываецца першае забойства, з’яўляецца ўсё больш і больш людзей, якія наплявацельску ставяцца да ўсяго створанага гераіняй Лоўрэнс, да яе рая, і выратаваць ад іх можа толькі патоп.

Затым зноў усё заціхае. Але вось Дэміург дапісвае сваю кнігу, настолькі цудоўную, што да іх у дом зноў накіроўваюцца натоўпы людзей, пры гэтым кожны з іх разумее гэтую кнігу па-свойму. Людзі зноў руйнуюць і перарабляюць пад сябе дом Мамы, пачынаюцца войны, супрацьстаянні, рэлігійны фанатызм, пачынае ганенні іншадумцаў Выдавец – усе зямныя канфлікты і грахі збіраюцца ў адным доме. І толькі некаторыя з людзей гатовыя заступіцца за Маму і той рай, які яна стварыла.

Апагеем фільма з’яўляецца момант, калі Паэт аддае на разарванне натоўпу свайго Сына, пасля чаго Мама вырашае пакласці ўсяму канец… Канец свету…

Ці варта рэкамендаваць гэты фільм усім хрысціянам? Не, гэта кіно неадназначна і не для ўсіх, асабліва ў эпоху моды на абразы пачуццяў вернікаў. Многім не спадабаецца тое, як паказаныя вернікі, у тым ліку хрысціянскія, а тым больш тое, як паказаны Творца і прычыны яго дзеянняў. Але тым, хто не баіцца паглядзець на сябе з боку, хто жадае падумаць пра стаўленне чалавека да прыроды і да стварэння, хто хоча бліжэй пазнаёміцца ​​з гісторыяй хрысціянства, у тым ліку даведацца больш пра хрысціянскі гнастыцызм і затым паспрабаваць знайсці аргументы супраць яго, паглядзець стужку ўсе-такі варта было б.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі