Старшыня Рады канферэнцый біскупаў Еўропы нагадаў Лукашэнку пра праблему замежных святароў

2017-09-28-tk-banjaska

Старшыня Рады канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ) кардынал Анджэла Баньяска 28 верасня падчас сустрэчы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з біскупамі Еўропы закрануў пытанне супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла ў галіне служэння замежных святароў.

«Мы ўпэўненыя, што пытанні адносна дазволу на пражыванне і працу для замежных святароў і адносна касцёльнай маёмасці — а яны абодва жыццёва важныя для місіі евангелізацыі — могуць быць вырашаны ў эфектыўным і актуальным дыялогу з удзелам усіх», — заявіў кардынал, паведамляе Catholic.by.

Іерарх з задавальненнем адзначыў увагу да сям’і ў Беларусі, што праяўляецца ў захадах, скіраваных на павелічэнне нараджальнасці. “Гэта знак надзеі ў Еўропе, дзе назіраецца трывожны спад нараджэнняў, што суправаджаецца старэннем насельніцтва. Мы таксама высока ацэньваем працу і дыялог, якія дзяржаўныя ўлады вядуць з рознымі хрысціянскімі Цэрквамі краіны”, — сказаў ён.

«Дзяржава і Касцёл разумеюць, што яны пакліканыя разам спрыяць супольнаму дабру і ўсебаковаму развіццю асобы ў духу ўзаемнага прызнання і ўзаемапавагі», — дадаў біскуп.

“Касцёл, верны сваёй місіі, жадае зрабіць свой станоўчы ўнёсак у супольнае дабро, і мы перакананыя ў такой самай увазе і такім жа разуменні з боку кожнага ўраду і кожнай дзяржавы, у якой ён існуе. Каштоўнасць рэлігійнай свабоды і чалавечага жыцця — гэта неад’емны набытак народаў і нацый Еўропы”, — заявіў Анджэла Баньяска.

Ён таксама падкрэсліў, што сустрэча праходзіць у часы, калі Беларусь святкуе 950-годдзе першага ўспаміну Мінска і 500-годдзе выдання Бібліі — першай кнігі, надрукаванай на беларускай мове. “Гэтыя дзве гадавіны — не толькі падзеі з мінулага вашага народа: яны таксама сведчаць пра глыбокія карані хрысціянства на гэтай высакароднай зямлі і запрашаюць нас паразважаць над тым, наколькі карысным для ўсебаковага развіцця асобы можа быць належнае супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам з павагай да аўтаноміі абодвух гэтых суб’ектаў”, — адзначыў кардынал.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі