У мінскім Доме начнога прабывання беспрытульных будуць карміць

столовая
Каталіцкая дабрачынная місія «Карытас» выступіла фундатарам сталовай у мінскім Доме начнога прабывання для беспрытульных па вул. Ваўпшасава, 2.

Гэта адзіная ў Мінску ўстанова для беспрытульных, куды людзі без пастаяннага месца жыхарства могуць прыйсці пераначаваць, прыняць душ і змяніць бялізну, а цяпер – і павячэраць, паведамляе catholic.by.

Будынак можа прыняць да 92 чалавек. У халодныя перыяды года – восенню і зімой – ён цалкам запоўнены.

Урачыстае адкрыццё сталовай адбылося 2 кастрычніка з удзелам дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага.

Да 30 красавіка сталовая будзе працаваць рэгулярна, пасля – па наведвальнасці.

«Дах над галавой гэта шмат, але на пусты страўнік нават ён можа быць не мілы. Наша ідэя палягала на тым, каб стварыць для гэтых людзей магчымасці паесці », – распавядае дырэктар рэлігійнай місіі « Карытас» брат Андрэй Жылевіч OFMCap.

Абеды і вячэры будуць гатавацца ў «Карытас», пасля прывозіцца на Ваўпшасава.

«Для людзей, якія трапілі на абочыну жыцця, той факт, што да іх прыходзяць з дапамогай, можа паслужыць штуршком да таго, каб нейкім чынам выйсці з таго стану, у якім яны апынуліся», – дадае дырэктар “Карытас”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі