У падмурак мінскага касцёла ўмуравалі камень з Італіі

Гатово
У мінскім мікрараёне Гатавa 1 кастрычніка у падмурак касцёла святога арханёла Міхала быў умураваны вуглавы камень з Грота Аб’яўленняў святога Арханёла Міхала на гары Гаргано ў Італіі.

У 2013 годзе рэктар італьянскага санктуарыя – кс. Уладзіслаў Сухі – падарыў камень групе пілігрымаў з Беларусі, паведамляе catholic.by.

Урачыстасць у парафіі ў Гатава ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, супольнасць айцоў-міхалітаў, якія ажыццяўляюць душпастырскую апеку ў парафіі, прадставіў настаяцель тэрытарыяльнай супольнасці ў Беларусі кс. Мар’ян Хаменя.

Падчас святой Імшы 12 парафіянаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

Звяртаючыся да біскупа з просьбай аб асвячэнні каменя, пробашч парафіі кс. Крыштаф Посвята, нагадаў, што на Гаргано знаходзіцца надпіс: “Тут, дзе трэснула скала, будуць разрывацца каменныя людскія сэрцы, каб зноў паяднацца з Богам”, а таксама выказаў надзею, што гэтае месца на беларускай зямлі таксама стане маленькім Гаргано, бо “толькі пазнанне Божай любові і жыццё ў сяброўстве з Ім дае сэнс нашай вандроўцы і намаганням”.

Дэкрэт аб асвячэнні каменя па-лацінску агучыў канцлeр курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі, пасля дэкрэт быў падпісаны біскупам і ўсімі прысутнымі святарамі і ўмураваны разам з вуглавым каменем у сцяну касцёла.

Камень змешчаны ў табліцу з бронзы, на якой маецца надпіс па-беларуску: “Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Занясі нашыя просьбы да Бога i выпрасі для нас Яго міласэрнасць”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі