Архіепіскап БАПЦ Сяргей (Ахатэнка) 12(25).03.1890 – 2.10.1971

ochotenkoМы ўсе, праваслаўныя ўкраінцы і беларусы, былі, ёсць і будзем роднымі дзецьмі Памеснай Кіеўскай Царквы…

З пропаведзі архіепіскапа Сяргея на Вялікдзень 1959 г.

Кожны народ мае сваіх праведнікаў, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё сваёй краіне і нацыі. Усе яны заслужылі прызнанне і памяць сваіх народаў, а некаторыя рабіліся годнымі і Вышэйшай славы — вянкоў Госпада нашага Ісуса Хрыста. Але якой нявыказанай любоўю Гасподняй трэба палаць, каб у цяжкіх акалічнасцях добраахвотна узяць на сябе і другі крыж — крыж дапамогі іншаму, хай і братэрскаму народу, зразумець яго боль, вывучыць мову, стаць і яго свяцільнікам праваслаўнай веры… Менавіта такім быў архіепіскап БАПЦ Сяргей (Ахатэнка).

Будучы архіепіскап Сяргей (свецкае імя Ягор) нарадзіўся ў сяле Малыя Гарошкі Жытомірскага павету ў сялянскай сям’і Пракопа і Феадосіі Ахатэнкаў. Ужо з дзіцячых гадоў выявіў жаданне стаць манахам. У 1911 г. будучы архіепіскап паступае ў Жытомірскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр, дзе не толькі нясе послух, але і атрымлівае духоўную адукацыю.

Бальшавіцкі пераварот і ганенне на Царкву не палохаюць маладога паслушніка, а наадварот, яшчэ больш умацоўваюць у жаданні служыць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту. 28 чэрвеня 1919 г. архіепіскап Лявонцій пастрыгае яго ў манаства. У 1921 г. па просьбе архіепіскапа Васіля (Багдашэўскага) малады манах Сяргей пераязджае ў Кіеў і робіцца супрацоўнікам Кіеўскай Багаслоўскай Акадэміі.

Па аповедах самага архіепіскапа Сяргея, запісаным адным з вернікаў БАПЦ у 60-х гадах ХХ стагоддзя, ён з’яўляўся прыхільнікам Украінскай Аўтакефаліі, але аўтакефаліі кананічнай. “Яго стаўленне да тагачаснай УАПЦ было складаным: не прымаючы самага спосабу пасвячэння мітрапаліта Васіля (Лепкіўскага), уладыка Сяргей разумеў усю гістарычную неабходнасць гэтага кроку. Па словах архіепіскапа, ён прычашчаўся ў святароў УАПЦ, а потым і саслужыў з імі”, — піша Ю. В. (маюцца на ўвазе тыя ўкраінскія святары, якія атрымалі кананічную хіратонію, а потым перайшлі ў УАПЦ)

У 1925 г. архіепіскап Васіль (Багдашэўскі) пасвячае манаха Сяргея (Ахатэнку) у іерадыякана і іераманаха, а ў 1932 г. — узводзіць у сан архімандрыта.

Маладога ўкраінскага святара часта перакідалі з прыходу на прыход. З 1925 па 1937 год іераманах Сяргей служыў у прыходах: Корасцень, Народычы, Емільчыцы, Куляшы…

За пастырскую дзейнасць і ўкраінскія нацыянальныя перакананні ў 1937 г. бальшавікі арыштавалі архімандрыта Сяргея і выслалі на прымусовую працу ў Бярдзянск без права займацца служэннем. З 1937 г. і да пачатку вайны ён працаваў на бярдзянских рыбных промыслах рознарабочым.

З першых дзён нямецкае акупацыі архімандрыт Сяргей робіцца настаяцелям Мелітопальскага сабору і непахісным прыхільнікам украінскае праваслаўнае аўтакефаліі.

У цяжкі ваенны час украінская Царква паклікала архімандрыта Сяргея і да архірэйскага служэння: 1 жніўня 1943 г. у грэцкім катэдральным саборы Кіраваграда адбылася ягоная архірэйская хіратонія. Чын хіратоніі здзейснілі архіепіскапы Міхаіл (Харошы) і Генадзь (Шыпрыкевіч), епіскап Уладзімір (Малец).

Неўзабаве пасля хіратоніі ўладыка Сяргей разам з епіскапатам УАПЦ змушаны быў эвакуявацца ў Польшчу, а адтуль — у Нямеччыну.

Будучы ў Варшаве, епіскап Сяргей (Ахатэнка), прадбачачы цяжкую працу ў эміграцыі, атрымаў ад мітрапаліта Дзіянісія Грамату пра кананічнасць сваёй хіратоніі.

ochotenko1

Пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны япіскап Сяргей апынуўся ў горадзе Канстанцы (Нямеччына), недалёка ад Швейцарскай мяжы, дзе арганізаваў некалькі прыходаў УАПЦ.

У той жа час беларусаў, святароў і парафіян БАПЦ, спасцігла страшнае няшчасце: У эміграцыі епіскапат БАПЦ пачаў перамовы з РПЦЗ пра пераход у яе юрысдыкцыю. Беларусы люта пратэставалі, але 6 траўня 1946 г. епіскапат БАПЦ пакінуў сваіх вернікаў…

Здрада епіскапату не зламала беларусаў, верных БАПЦ. Неўзабаве быў створаны Часовы беларускі рэлігійны камітэт, які ўзначаліў протаіерэй Сцяпан Войтанка. Камітэт аб’яднаў вакол сябе ўжо дзеючыя прыходы БАПЦ, а таксама стварыў шэраг новых. Адзін з прыходаў БАПЦ існаваў і ў Канстанцы, дзе праваслаўных беларусаў узяў пад апеку ўладыка УАПЦ Сяргей.

Пасля нетрывалых перамоў з беларускай праваслаўнай дэлегацыяй пад кіраўніцтвам протаіерэя Сцяпана Войтанкі епіскап Сяргей пагадзіўся узначаліць БАПЦ пры умове дабраслаўлення мітрапаліта УАПЦ Палікарпа (Сікорскага). Мітрапаліт УАПЦ не толькі без усялякіх ваганняў дабраславіў уладыку Сяргея (Ахатэнку), але і прапанаваў дапамогу ў хіратоніі новага епіскапату БАПЦ.

5 чэрвеня 1948 г. у Канстанцы пад кіраўніцтвам уладыкі Сяргея адбыўся Сабор беларускага праваслаўнага духавенства і парафіян, які прыняў пастанову пра аднаўленне дзейнасці БАПЦ. Часовым кіраўніком БАПЦ (да стварэння архірэйскага сабору БАПЦ) быў абраны ўладыка Сяргей (Ахатэнка).

У выкананне рашэння сабору УАПЦ 19 снежня 1949 г. епіскапам Сяргеем і епіскапамі УАПЦ Платонам і Вячаславам быў хіратанізаваны на епіскапа архімандрыт БАПЦ Васіль (Тамашчык). Такім чынам, быў адноўлены епіскапат БАПЦ.

Ад 1949 г. пачалася ліквідацыя лагераў уцекачоў у Нямеччыне і рассяленне іх па усім свеце. З гэтага чынніку архірэйскі сабор БАПЦ пастанавіў, што ўладыка Сяргей возьме на сябе апеку праваслаўнымі беларусамі ў Аўстраліі і Новай Зеландыі, а уладыка Васіль — у ЗША, Канадзе і Еўропе.

Аўстралія была для беларускай эміграцыі зусім новай краінай. Уцекачы былі беднымі і яшчэ не мелі арганізаваных прыходаў. Таму уладыка Сяргей і ягоныя святары апынуліся ў цяжкіх жыццёвых умовах, калі напачатку служэння над галавой не было сталага даху, а часам бракавала нават ежы.

Аднак цяжкасці не зламалі архіпастыра, ён ахвярна працаваў, каб наладзіць дзейнасць БАПЦ на далёкім кантыненце. Дзякуючы ягонай працы і адданасці ідэі аўтакефаліі праваслаўных беларусаў неўзабаве былі створаны прыходы ў Адэлаідзе і Мельбурне.

Ахвярнасць служэння заўсёды прыцягвала да ўладыкі Сяргею праваслаўных вернікаў розных нацыянальнасцяў. У канцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя па ўзгадненні з Грэцкай Праваслаўнай Царквой пад ягоны амафор перайшло некалькі грэцкіх прыходаў.

Узняты да сану архіепіскапа, уладыка Сяргей працягваў несці крыж кіраўніка БАПЦ ды займацца яе разбудовай.

Так, 15 лютага 1968 г. разам з епіскапам Сербскай ПЦ Дзімітрыем быў пасвечаны на епіскапа БАПЦ архімандрыт Андрэй (Крыт). Ужо з новым уладыкам БАПЦ Андрэем, епіскапам УАПЦ Данатам і япіскапам СПЦ Дзімітрыем архіепіскап Сяргей 10 сакавіка здзяйсняе пасвячэнне ў епіскапа архімандрыта Мікалая (Мацукевіча).

Уладыка Сяргей (Ахатэнка) адышоў да Госпада 2 кастрычніка 1971 года. Пахаванне адбылося ў Адэлаідзе, адпявалі уладыку Сяргея епіскап БАПЦ Мікалай, грэцкія ўладыкі Спірыдон і Хрызастом. Ад УАПЦ служыў протаіерэй Нікадзім. Згодна свайго запавету, уладыка Сяргей быў пахаваны ў сядзячай позе, як хавалі праваслаўных патрыярхаў і імператараў, паводле старажытнага візантыйскага абраду. Цела ў адмысловай труне было занесена ў царкву 12 кастрычніка. Увечары была адслужаная паніхіда, а 13 кастрычніка, пасля памінальнай літургіі і адпявання, цела ў труне было абнесена ўладыкамі і святарамі вакол царквы. Людзі неслі труну з целам спачылага архірэя на руках да самых грэцкіх могілак…

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі