Праваслаўны святар пракаментаваў выпадак з верніцай з Віцебска, якая збівала сына за адмову маліцца

рой

“Сітуацыю, якая адбылася ў Віцебску, калі маці збівала сваё дзіця за нежаданне маліцца ці пасціцца я расцэньваю, як асабісты клінічны выпадак псіхічнай хваробы гэтай жанчыны”, — заявіў у каментары Krynica.info праваслаўны святар з Гродна Георгій Рой.

“Ніводны чалавек у здаровым розуме такога не рабіў бы. Факт жыцця царкоўных абшчын у тым, што да нас прыходзяць і застаюцца ў нашых абшчынах шмат людзей з пашкоджанай псіхікай. І гэта не выпадкова. Свецкае грамадства, як правіла, выштурхоўвае гэтых людзей, і яны цягнуцца туды, дзе да іх стаўленне будзе лепшым. Зразумела, калі такія людзі судакранаюцца з жыццём царквы, то не выключана, што нейкія праявы іх псіхічнай хваробы будуць звязаныя з тэмай рэлігіі. І так, у гэтых людзей ёсць родныя і блізкія, якія вымушаны жыць з іх хваробаю і з усімі яе наступствамі”, — адзначыў ён.

Віцебскі выпадак святар ахарактарызаваў як класічны прыклад такой сітуацыі. “Пытанне, ці правакуе рэлігія да такіх крайніх праяваў псіхічнай хваробы? Мне падаецца адказ тут непрадказальны, як непрадказальны сам характар псіхічных захворванняў. Але часцей за ўсё пад уплывам царквы, малітвы, хоць нейкай ступені інтэграцыі ў царкоўную абшчыну такія людзі атрымоўваюць магчымасць больш-менш сябе кантраляваць”, — дадаў а. Георгій Рой.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі