Упершыню за стагоддзе ў Віцебску адкрылі новую сінагогу
17 кастрычніка ўпершыню за 100 гадоў у Віцебску адкрылася новая сінагога. Будынак, дзе апошнія 25 гадоў маліліся віцебскія габрэі, быў звычайным жылым домам, які не мог выконваць усіх належных функцыяў, паведамляе Радыё Свабода.
Таму патрэба ў новым, спецыялізаваным будынку была вельмі вострая, кажа кіраўнік віцебскай юдэйскай рэлігійнай грамады Леанід Томчын:
«У Віцебску на пачатку мінулага стагоддзя габрэі складалі больш за палову насельніцтва, 100 гадоў таму тут функцыянавалі 64 сінагогі. Сёння ў нашай грамадзе каля 50 чалавек, але на адкрыццё прыйшло значна больш людзей. Я спадзяюся, што новая сінагога стане цэнтрам гарадскога габрэйскага жыцця. Цяпер у нас з’явіліся больш шырокія магчымасці не толькі для таго, каб маліцца ў традыцыях продкаў — у новым будынку прадугледжаныя і навучальныя класы, і пакоі для гасцей. Мы плануем стварыць тут і музей габрэйскага побыту. Пры тым мы не адмаўляемся і ад старога нашага будынку: цяпер мы займелі цэлы комплекс, які змогуць наведваць усе ахвотныя».
Цырымонія адкрыцця пачалася з сімвалічнага шэсця ад старога будынка да новага. Мужчыны сталага веку, паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы, прайшлі да новай сінагогі, і тут да іх далучыліся хлопчыкі — як увасабленне пераемнасці традыцыі. Усім гасцям і мінакам уручалі паветраныя шарыкі, якія потым паляцелі ў неба.
На адкрыццё запрасілі прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацый з Расеі і іншых краін. Прысутнічалі святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій, у тым ліку каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ад імя мясцовых уладаў віцебскіх вернікаў-юдэяў павіншаваў дарадца старшыні аблвыканкаму Міхаіл Даніленка.
Афіцыйная частка каля брамы новай сінагогі была нядоўгая. Пасля кароткіх прамоваў урачыста перарэзалі чырвоную стужку і ўсіх запрасілі ўсярэдзіну. Ганаровыя госці прымацавалі пры дзвярах мезузы — фрагменты адмысловай малітвы, запісаныя на пергаменце і схаваныя ў дэкаратыўныя футаралы. Хто ўваходзіць у сінагогу, дакранаецца да мезузы на знак пашаны.
Усе наведнікі маглі пераканацца, што новая сінагога ня толькі знадворку вылучаецца незвычайным дызайнам. Унутры таксама ўсё выканана ў сучасным стылі, і пры тым з улікам традыцый. Так, у новай сінагозе ёсць адмысловы рытуальны басейн — міква. Для жанчын, якія павінны маліцца асобна, прадугледжаны гаўбец у малельнай залі. З яго добра відаць і акно з шасціканцовай зоркай, і столь з «прыступкамі», якая нагадвае шацёр.
У аздабленні сінагогі «Давідаў шацёр» ёсць і матыў, звязаны з Віцебскам: сцяну, якая аддзяляе малітоўную залю ад гаўбца для жанчын, упрыгожваюць 12 копій з вітражоў Марка Шагала «Дванаццаць каленаў Ізраілевых», зробленыя на адмысловых стэндах з падсвятленнем.
Працы ў сінагозе яшчэ не скончаныя: у некаторых памяшканнях няма мэблі, не вызначана пакуль, дзе размесціцца анансаваны музей габрэйскага побыту.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Дні праваслаўнай культуры адкрыюцца 27 лютага ў Мінску 24.02.2021 16:56
- Кароткая гісторыя таго, што зараз адбываецца вакол царквы “Новае Жыццё” 22.02.2021 17:07
- Вернікі царквы “Новае жыццё” ўсё роўна хочуць сабрацца на малітву 20.02.2021 14:01
- Зварот біскупаў Евангельскіх цэркваў Беларусі ў сувязі з сітуацыяй вакол Царквы “Новае жыццё” г. Мінска 19.02.2021 17:43
- Заява БХД 18.02.2021 12:00
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)