Яшчэ раз аб “страсцях па Мацільдзе”

1500384142

Страсці, якія развярнуліся вакол фільма “Мацільда”, не толькі прыцягнулі ўвагу вялікай колькасці СМІ, а і гучна нагадалі ўсім аб асобе апошняга расійскага імператара Мікалая ІІ, які быў кананізаваны Расійскай Праваслаўнай Царквой у 2000 годзе. Бо менавіта “святасць” фармальна з’явілася тым “спускавым механізмам”, які выклікаў не толькі гучныя пратэсты “імперска-праваслаўнай грамадскасці”, а нават тэрарыстычныя акты ў Екацярынбургу ды Маскве.

На вялікі жаль, расійскі скандал дакаціўся і да Беларусі, дзе мастацкая стужка мусіць неўзабаве выйсці на экраны. Так, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (РПЦ МП), выступаючы супраць прагляду фільму, заклікаў праваслаўных беларусаў браць з яго прыклад, а шэраг кінатэатраў адмовіліся ад паказу

Аднак, на нашу думку, скандал вакол фільму быў цалкам прадказальным і немінучым, а ягоныя карані мусім шукаць менавіта ў кананізацыі. Аб яе негатыўных наступствах ды пашырэння культу Мікалая Раманава яшчэ ў 90-х гадах ХХ ст. папярэджвалі вядучыя расійскія багасловы, напрыклад, прафесар Аляксей Осіпаў [1], дыякан Андрэй Кураеў [2] ды інш.

Асноўная праблема палягае ў тым, што, ані жыццё Мікалая ІІ, ані ягонае царавання, ані нават смерць не давалі падставы для царкоўнага праслаўлення (кананізацыі). Аб гэтым можна меркаваць не толькі па дзённіках самога Мікалая Раманава [3], а і па мемуарных ацэнках яго дзейнасці сучаснікамі. І тут для нас тут асабліва істотна, што найбольш негатыўна апісваецца стаўленне расійскага імператара да РПЦ, кіраўніком якой ён быў згодна законам імперыі.

Так, апісваючы становішча Рускай Праваслаўнай Царквы перад І Сусветнай вайною, а фактычна да адрачэння Мікалая ІІ архіепіскап Іларыён Траецкі (ён праслаўлены Маскоўскім Патрыярхатам як святамучанік і спавядальнік) канстатуе: «Перад пачаткам вайны Царква ў Расіі была прыніжаны да крайнасці … Царкоўнае жыццё ў новым заканадаўстве цалкам не выдзелена з кола паўнамоцтваў прадстаўнічых устаноў. І цяпер юрыдычна абмяркоўваць і вырашаць многія пытанні нават унутрана царкоўнага жыцця могуць і Фрыдман, і Чхеідзэ. Прыгнёт Царквы дзяржавай дасягнуў канчатковага развіцця. … Гады ішлі за гадамі … становішча Праваслаўнай Царквы станавілася невыносным. Царкоўнае жыццё прыходзіла ўсё ў большы і большы разлад. … Стаўленне царскай дынастыі да Праваслаўнай Царквы – гэта гістарычны прыклад няўдзячнасці … Жудаснаю ганьбаю і цяжкім ўсенародным бедствам скончыўся пецярбургскі перыяд рускай гісторыі” [4, ст. 57-60].

Апрача таго, адкрытыя дакументы, у тым ліку і дзённікі Мікалая ІІ, пераканаўча даказваюць, што ні ён, ні яго сям’я не здагадваліся пра свой магчымы расстрэл. Згодна вывадаў Сінадальнай камісіі па кананізацыі РПЦ МП [5, ст. 58] і Галоўнага следчага ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі [6], да апошняга моманту Мікалай Раманаў і ягоная сям’я імкнуліся выехаць за мяжу, спадзяваліся на эміграцыю ў Англію

Грунтуючыся на ўсіх наяўных дакументах, цалкам адэкватна Камісія Святога Сінода РПЦ МП па кананізацыі ў 1996 годзе робіць вывад: «Падводзячы вынік вывучэнню дзяржаўнай і царкоўнай дзейнасці апошняга Расійскага Імператара, Камісія не знайшла ў ёй дастатковых падстаў для яго кананізацыі» [5, ст. 5]. Здавалася б, што пытанне царкоўнага ўшанавання апошняга расійскага імператара канчаткова закрыта…

Аднак, неўзабаве, пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна, які распачаў адраджэнне менавіта Расійскай імперыі, асоба Мікалая ІІ зноў была запатрабаваная Маскоўскім Патрыярхатам, які ўзяў на сябе “духоўнае забеспячэнне” новай палітыкі Расійскай Федэрацыі. І для вырашэння гэтай задачы кананізацыя апошняга расійскага імператара была вельмі палітычна-выгадным крокам у справе распаўсюджання “рускага свету”. Бо той, хто далучаецца да ўшанавання Мікалая Раманава, адразу свядома або падсвядома прызнае:

1) Што Расійская імперыя была таксама для нас дзяржавай-маці, у якой нам было вельмі добра жыць пад уладай расійскіх імператараў; што ў нас адна гісторыя, аднолькавыя святыя, адна Царква і, у канчатковым выніку, мы “адзін народ”. Згадайце, што асноўным тэзісам прыхільнікаў шанавання Мікалая ІІ з’яўляюцца словы “наш гасудар”.

2) Паколькі акт кананізацыі Мікалая ІІ з’яўляецца, як мінімум, актам “рэабілітацыі” Расійскай імперыі, то, прымаючы яго, мы прызнаем, што тыя патрыёты, якія змагаліся (і змагаюцца) за нашу незалежнасць супраць Расіі, з’яўляюцца сапраўды злачынцамі.

3) Расійская Федэрацыя ўжо даўно прызнала сябе правапераемніцай Расійскай імперыі. Такім чынам, калі Мікалай ІІ – “наш гасудар”, то цалкам законна і зразумела, што яго дзяржаўныя спадчыннікі вяртаюць сабе “зямлі імперыі”.

Менавіта пад «вагой» палітычнай мэтазгоднасці архірэйскі сабор РПЦ МП 14 жніўня 2000 года кананізаваў былога расійскага імператара і яго сям’ю. Адначасова пачалася актыўнае кампанія па распаўсюджванні культу Мікалая ІІ, асабліва ў рэспубліках былога СССР, якую падтрымлівала і ўлада Расійскай Федэрацыі. Пад гэтую палітычна-рэлігійную кампанію была напісаная новая, ідэалістычная гісторыя жыцця “новага святога”, якая істотна адрознівалася ад рэальнай.

Цікава, але менавіта РПЦ МП першай адчула негатыўныя наступствы свайго палітычна-рэлігійнага канфармізму. Неўзабаве пасля кананізацыі Мікалая ІІ ад яе адкалолася досыць вялікая, уплывовая і актыўная ерэтычная секта “царабожнікаў” [6]. Потым было яшчэ багата пратэстаў і скандалаў, якія павязаны з асвятленнем рэальнага жыцця і дзейнасці апошняга расійскага імператара… І вось “Мацільда” – цалкам нявінная меладрама аб раннім перыядзе жыцця Мікалая Раманава, але якая служыць, магчыма і ненаўмысна, яшчэ адным разбуральнікам міфу “святога манарха” ды моцным раздражняльнікам для адэптаў “рускага свету”.

Зрэшты, цалкам магчыма, што “страсці па Мацільдзе” не атрымалі б такога розгаласу, каб не аб’ядналі ўласныя інтарэсы як найменш трох сацыяльных груп: “праваслаўныя патрыёты-імперцы” атрымалі магчымасць гучна заявіць аб сабе ды сваім уплыве на іерархію РПЦ МП; іерархіі РПЦ МП – паказаць свой уплыў на грамадскасць; стваральнікі фільму – бясплатную PR-акцыю, аб якой маглі толькі мроіць. А можа так і было задумана?

1. Профессор Московской духовной академии А.И. Осипов. О канонизации последнего русского царя. // http://www.pro-zarya.narod.ru/osipov_o_kanonisazii.html

2. http://www.blagievesti.narod.ru/13pravda.docx

3. Дневники Императора Николая II. М., 1991

4. Церковь и общество. 1998. №3.

5. Материалы, связанные с вопросом канонизации Царской семьи. М., 1996.

6. Постановление о прекращении уголовного дела № 18/123666-93 «О выяснении обстоятельств гибели членов Российского императорского дома и лиц из их окружения в период 1918-1919 годов». // http://www.nik2.ru/documents.htm?id=266

7. Протоиерей Петр Андриевский. Ересь царебожия // http://www.blagogon.ru/articles/223/

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі