Біскуп Пінскі асвяціў касцёл у Столінскім раёне, вернуты ўладамі вернікам

Давид_городок
Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка 21 кастрычніка асвяціў у Давыд-Гарадку касцёл Божага Цела, будынак якога доўгі час выкарыстоўваўся ў якасці клуба.

«Мы дзякуем Пану Богу за дар святыні, вернутай Касцёлу, за прыхільнасць уладаў Столінскага райвыканкама і Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама, за намаганні кс. Андрэя Шута і кс. Андрэя Рылкі ў аднаўленні касцёла і за салідарную дапамогу Паўсюднага Касцёла», — адзначыў іерарх, паведамляе catholic.by.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў Давыд-Гарадку налічвае амаль 400 гадоў. Першая парафіяльная святыня, збудаваная ў 1623 годзе князем Янам Альбрэхтам Радзівілам, згарэла падчас пажару. У 1848 годзе святыню адбудавалі пад кіраўніцтвам і за кошт кс. Якуба Гарбацэвіча, але ў 1890 годзе ў пажары касцёл зноў быў знішчаны. У 1936 годзе, дзякуючы намаганням вясковых вернікаў і памежнікаў, новы касцёл быў узведзены з цэглы. Падчас Другой сусветнай вайны да нядаўняга часу будынак выкарыстоўваўся як Дом культуры і клуб для мясцовай моладзі, пакуль ўлады Столінскага раёна не пагадзіліся перадаць будынак каталікам.

«У Касцёле мы атрымліваем святы хрост, які змывае першародны грэх і чыніць нас хрысціянамі, спадкаемцамі Нябеснага Валадарства. Тут нам удзяляюць сакрамэнт канфірмацыі для таго, каб маглі супрацьстаяць граху і ўзрастаць у цнотах. У касцёле праз пакорлівую споведзь, з глыбокім і сардэчным жалем, прабачаюцца правіны. І тады з марнатраўных сыноў грэшнікі становяцца Божымі Дзецьмі», – падкрэсліў біскуп Дзям’янка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі