Ля будынку КДБ і ў Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў сталінізму

_dsc0839

Маўклівая акцыя памяці ахвяр сталінізму прайшла 29 кастрычніка ў Мінску каля будынку КДБ з ініцыятывы Вячаслава Сіўчыка і Мікалая Статкевіча. На акцыю прыйшло 25 удзельнікаў і прыкладна столькі ж людзей у цывільным, якія назіралі за яе правядзеннем. Яны здымалі людзей са знічкамі на відэакамеры, але правядзенню акцыі не перашкаджалі.

Удзельнікі ўзгадвалі сваіх рэпрэсаваных сваякоў і беларускіх дзеячоў, паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, расстраляных у будынку ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Акцыя доўжылася паўгадзіны, пасля чаго людзі пакінулі знічкі і прынесеныя партрэты ля прыступкаў КДБ. А Мікалай Статкевіч напрыканцы сказаў, што калі-небудзь архівы КДБ абавязкова будуць раскрытыя, і тады мы сапраўды даведаемся пра лёс усіх, хто, дзе і якім чынам трапіў у рэпрэсіўнае кола, паведамляе “Новы Час”.

А ў ноч з 29 на 30 кастрычніка у Курапатах сябры зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады Фронт» арганізавалі «Ноч паэтаў». Зміцер Дашкевіч запрасіў выступіць паэта Уладзіміра Някляева, які ў сваёй прамове адзначыў, што рэпрэсаваныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі стварылі падмурак той Беларусі пра якую марылі яны і пра якую марым мы. Дзякуючы палеглым у Курапатах людзям, мы маем незалежную Беларусь.

Уладзімір Арлоў выказаў упэўненасць, што калісьці беларусы будуць адзначаць гэты дзень – дзень расстраляных паэтаў як самы важны дзень жалобы і смутку, а таксама прачытаў верш рэпрэсаванага паэта Валерыя Маракова.

Да мікрафона падыходзілі літаратуразнаўца, пісьменнік Язэп Янушкевіч, рэжысёр Аляксей Туровіч, паэт Андрэй Хадановіч, бард Андрэй Мельнікаў, спявак Алесь Дзянісаў. Вершы расстраляных паэтаў, а таксама ўласныя творы зачытвалі многія з прысутных.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі