Біскуп Буткевіч: Без веры нельга прыняць і зразумець свабоду

Глубокое
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 29 і 30 кастрычніка наведаў з афіцыйным візітам парафію Святой Тройцы ў Глыбокім.

Гэта першы афіцыйны візіт кіраўніка дыяцэзіі ў Глыбоцкую парафію за 11 гадоў, паведамляе catholicnews.by.

Перад нядзельнай святой Імшой госця прывітала намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч, таксама іерарха сустракаў духавы аркестр Глыбоцкай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Мікалая Лашкова.

Пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч у прывітальным слове нагадаў, што падчас Імшы 65 чалавек прыме з рук біскупа Віцебскага сакрамант канфірмацыі.

У гаміліі біскуп Буткевіч разважаў пра розніцу і тоеснасць паняткаў веры і свабоды: “Без веры нельга прыняць і зразумець свабоду. Яскравае пацвярджэнне гэтаму дае гісторыя ХХ стагоддзя, калі дзве таталітарныя ідэалогіі, якія адмаўлялі існаванне Бога, фашызм і камунізм казалі чалавеку, што Бога няма, што чалавек галоўны ў гэтым свеце, менавіта ён вызначае свабоду”.

Пасля Імшы іерарх сустрэўся з моладдзю парафіі і пацікавіўся яе жыццём, дзейнасцю і дасягненнямі, прапанаваўшы размову пра пачуцце меры і здаровы сэнс у карыстанні інтэрнэтам.

На наступны дзень біскуп Буткевіч сустрэўся са старшынём Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання раённага выканаўчага камітэта, кіраўніком справаў раённага выканаўчага камітэта, галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Сярод іншых пытанняў абмяркоўваўся рамонт даху касцёла.

Асобную сустрэчу біскуп Буткевіч правёў з настаўнікамі – на яе прыйшлі болей за 50 чалавек.

Таксама біскуп Буткевіч наведаў Глыбоцкі раённыа шпіталь, дзе паразмаўляў з медыцынскім персаналам і жанчынамі з нарадзільнага аддзялення.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі