У Мінску канцэртам духоўнай музыкі адзначылі 500-годдзе беларускага кнігадруку і Рэфармацыі

SAM_0802

31 кастрычніка адбылася важная музычная падзея, якая падвяла вынік юбілейнага году 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і адзначыла 500-годдзе Рэфармацыі ў Еўропе. Таленавіты дырыжор, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў арганізаваў канцэрт духоўнай музыкі ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Разам з доктарам тэалогіі Ірынай Дубянецкай ён прадставіў панараму еўрапейскай музыкі эпохі Залатога века Беларусі.

Залю запоўнілі вернікі ўсіх канфеcій і аматары класічнай музыкі. Мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін ўпрыгожылі фае сваімі карцінамі, творчая група царквы “Ян Прадвеснік” у шляхетных строях вітала гасцей. Госці імпрэзы змаглі атрымаць друкаваныя аркушы з Бібліі Францішка Скарыны, зробленыя на адноўленым варштаце.

SAM_0829

Вечарыну адкрыў харал Марціна Лютэра “Цвярдыня наша — Вечны Бог”. У выкананні сімфанічнага аркестра “Сapella Academia” і ансамбля салістаў “Вытокі” прагучалі творы Баха, Гендэля, Дворжака, Мендэльсона-Бартольдзі, а таксама кампазітара Вацлава з Шамотул. Эпоха Рэфармацыі дала новую хвалю пераасэнсавання хрысціянства і гэтыя працэсы адбіліся ў музыцы нямецкіх і чэшскіх кампазітараў.

Саліст Ілля Сільчукоў выканаў два фрагменты хваласпеваў з “Любчанскага канцыяналу” 1618 года – евангелічнага нотнага зборніка, выдадзенага ў мястэчку Любча. У выкананні арганіста Юрыя Габруся прагучала прэлюдыя на харал “Кyrie, Gott heiligier Geist”. Салістка Наталля Акініна (мэца- сапрана) прадставіла дзве арыі з араторыі “ Месія”. У выкананні салістаў Іллі Сільчукова і Юрыя Габруся прагучаў гімн Дж. Ньютана “Цудоўная ласка”.

“Там над вечнаю краінай,

Бог, адвечны ў любові”

Аляксей Фралоў праявіў высокае мастацтва дырыжыравання. Ён уважліва прыслухоўваўся да кожнай скрыпкі і флейты, адчуваў кожны інструмент ў аркестры і даваў накірунак меладычным і вытанчаным гукам, прапускаючы іх праз сваю душу.

SAM_0832

“Гэта цудоўна арганізаваная містэрыя на Божую хвалу. За гэтыя 500 гадоў жыве і ўзмацняецца любоў да Бога праз музыку і слова. Вельмі ўразіла высокамастацкая перадача такога складанага перыяду, як Рэфармацыя. Мастацтва музыкантаў вышэй пахвалы!” — адзначыла паэтка Ядвіга Іванаўна Рай.

“Я ў захапленні ад канцэрта і атрымала вялікае эмацыйнае задавальненне. Я даўно ведаю Аляксея Фралова. У адным чалавеку столькі талентаў, якія даюць, напэўна, эпохі пераломныя, адраджэнскія. І музыкант, і дырыжор, і музыказнаўца, і даследчык, і папулярызатар — проста харызматычная асоба, якая яднае і прыцягвае да сябе”, — сказала слухачка, якая назвалася Тамарай Мікалаеўнай.

“Аляксей Фралоў кансалідаваў музыкантаў на выкананне складаных твораў і выдатна склаў праграму канцэрта, — заўважыў слухач з царквы “Ян Прадвеснік”. — Ён выбраў узнёслыя і дынамічныя творы, хваласпевы”.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі