У Мінску прэзентавалі факсіміле легендарнай “Крыніцы” (фота)

У Мінску у канферэнц-залі гатэлю «Манастырскі» 1 лістапада з аншлагам прайшла прэзентацыя факсіміле легендарнай газеты «Крыніца» — да 100-годдзя з моманту выхаду яе першага нумару. Выданне пры падтрымцы Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі ажыццявілі аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і міжканфесійны хрысціянскі інфармацыйны партал Krynica.info.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец распавёў пра гісторыю станаўлення, развіцця, пераследу і аднаўлення “Крыніцы”. Выдавец факсіміле «Нашай Нівы» Зміцер Санько адзначыў, што менавіта хрысціянства прынесла ў Беларусі цывілізацыю: пісьменства, прафесійную музыку, мастацтва.

Кіраўнік Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі Мікола Пачкаеў распавёў, што адной з прычынаў таго, што ЗБВБ падтрымла выданне факсіміле, стала тое, што аднымі з заснавальнікамі арганізацыі ў пасляваенны час былі аўтары газеты Язэп Германовіч і Дамінік Аніська. Вольга Севярынец падзялілася досведам цяжкай працы па апрацоўцы газетных матэрыялаў для выдання, а галоўны рэдактар Krynica.info Максім Гацак і кіраўніца Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў Вікторыя Чаплева распавялі пра аднаўленне “Крыніцы” ў нашы дні і дзейнасць хрысціянскіх журналістаў сёння.

Адзін з лідараў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ, якую ўзначальвае ўнук аднаго з рэдактараў міжваеннай “Крыніцы” Яна Пазняка Зянон, Алесь Чахольскі падкрэсліў, што беларусы мусяць спадзявацца не на знешнюю дапамогу, а на свае ўласныя сілы, каб дамагчыся зменаў.

Падчас сустрэчы прайшоў дабрачынны аўкцыён у падтрымку спадкаемцаў легендарнага выдання — парталу Krynica.info. Завершылася прэзентацыя канцэртам гурта Laudans.

Газета «Крыніца», заснаваная ў 1917 годзе як партыйнае выданне хрысціянскіх дэмакратаў, з цягам часу ператварылася ў масавае агульнабеларускае медыя, і выходзіла ў Вільні аж да 1940 года. За ўвесь час выйшла 768 нумароў газеты. «Крыніцу» пераследвалі польскія санацыйныя ўлады і замоўчвалі савецкія: для іх гэта была «буржуазная нацыяналістычная прэса». Газету рэдагавалі Адам Станкевіч, Браніслаў Туронак, Павел Каруза, Ян Пазняк.

Фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі