Як СССР паўплываў на рашэнні ІІ Ватыканскага сабора

крэмль масква расія кремль москва россия 2

25 студзеня 1959 года праз 3 месяцы пасля свайго абрання на папскі прастол Папа Ян XXIII абвясціў пра намер сабраць Каталіцкі Сусветны сабор. 17 мая таго ж года была ўтвораная падрыхтоўчая камісія, старшынёй якой стаў дзяржсакратар Ватыкана кардынал Даменіка Тардыні. Папа заклікаў біскупаў, манаскія ордэны, універсітэты і іншыя структуры Каталіцкай Царквы да шырокага абмеркавання праграмы будучага сабора і праблем, якія патрабуюць саборнага абмеркавання. Сярод важных пытанняў, якія мусіў разглядзець ІІ Ватыканскі сабор, было і пытанне аб асуджэння камунізму ды духоўнай апекі над тымі каталікамі, якія апынуліся ў сацыялістычных краінах. Гэта было цалкам лагічна, бо “сацыялістычны канцлагер” пашырыўся на ўсю Усходнюю Еўропу, а ў Ватыкане знаходзілася багата святароў, якія на сябе адчулі ўсе “радасці сацыялістычнага раю”, ды і праўда аб камуністычных рэпрэсіях была ўжо шырока вядомая. Прадсаборнай камісіяй было падрыхтаваны некалькі дакументаў, але ў далейшым былі адкінуты, пры гэтым ніякіх канкрэтных падстаў адмовы ад ранейшай антыкамуністычнай пазіцыі не было агучана. Дык што ж адбылося? Паспрабуем прааналізаваць сапраўдныя падставы гэтага гістарычнага здарэння.

Гісторыя сведчыць, што ад часу стварэння СССР адносіны ягонага кіраўніцтва з Ватыканам былі ў край складанымі. Спроба ўсталявання дыпламатычных адносін у сярэдзіне 20-х гадоў ХХ ст. скончылася правалам. Ад гэтага часу Ватыкан лічыўся адным з цэнтраў глабальнага «антысавецкага ўплыву». Тым не менш, асабліва пасля ІІ Сусветнай вайны ды стварэння т.зв. “сацыялістычнага лагера” Масква мусіла лічыцца з уплывам Рымскага пантыфікату на каталіцкіх вернікаў і, натуральна, саборнае асуджэнне камунізму было ў край нявыгадна кіраўніцтву СССР.

Для камуністычнага кіраўніцтва становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што 11 лістапада 1948 г. быў абраны новы Канстанцінопальскі патрыярх Афінагор, які ў адрозненні ад свайго папярэдніка меў антыкамуністычныя перакананні. Неўзабаве пасля свайго абранні Патрыярх Афінагор заявіў па Бостанскім радыё: «Амерыка дапамагае Турцыі і Грэцыі, бо яна ведае, што гэтыя дзве дзяржавы павінны змагацца супраць дзікага звера, які пагражае чалавецтву…», а 7 снежня 1948 г., у рускай газеце Сан-Францыска «Новая заря» было апублікаванае яго інтэрв’ю, у якім гаварылася: «Мы, праваслаўныя, працягваем руку дружбы ўсім рэлігіям, хрысціянскім, мусульманскім і іншым, хто жадае змагацца супраць камунізму і іншых сіл, якія змагаюцца супраць свабоды сумлення і асноўных правоў чалавечай асобы. Калі я паеду праз Лондан, я пагавару з кіраўніком Англіканскай царквы. Я быў бы вельмі шчаслівы, калі б кіраўнік рымскага каталіцызму – папа, таксама працягнуў нам руку сяброўскага супрацоўніцтва і прыняў бы нашу руку» [1].

3caf9d6bbc6cf3c174cbaff40da5009b
Паседжанне Цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі ІІ Ватыканскага сабору. Фота pravenc.ru

Такім чынам, ужо да паловы 1960 г. меліся ўсе прадпасылкі да таго, каб на ІІ Ватыканскім саборы быў створаны “агульнахрысціянскі антыкамуністычны фронт”. Тым больш, што папа Ян XXIII хацеў бачыць на саборы і прадстаўнікоў Праваслаўных Цэркваў. Выконваючы волю Рымскага пантыфіка, ужо вясной 1961 г. сакратар па пытаннях хрысціянскага адзінства кардынал Аўгустын Беа прапанаваў прадстаўнікам Праваслаўнай царквы прысутнічаць на Саборы ў якасці назіральнікаў.

На нашу думку, гэтая прапазіцыя датычылася найперш Канстанцінопальскага патрыярха Афінагора, які быў не супраць прадстаўляць у Ватыкане Усяленскае Праваслаўя. На той час, падобнае дэлегаванне падтрымлівалі практычна ўсе грэцкія Праваслаўныя Цэрквы.

Для супрацьдзеяння планам Ватыкану і Канстанцінопаля савецкае кіраўніцтва вырашыла выкарыстоўваць Маскоўскі Патрыярхат, якому на першым этапе была пастаўленая задача ўсяляк уздымаць антыкаталіцкія настроі ды раскалоць адзінства Праваслаўных Цэркваў, якія знаходзіліся па-за “сацыялістычным лагерам”.

Выконваючы “партыйнае заданне”, Маскоўскі патрыярхат друкуе ў сваім часопісе рэдакцыйны артыкул Non possumus, у якім, пералічыўшы звычайныя пункты праваслаўнай крытыкі каталіцызму, адказвае на запрашэнне кардынала Аўгусціна Беа: «Non possumus!» (Немагчыма) [2, ст. 75].

Апрача гэтага, пазіцыя Маскоўскай Патрыярхіі (чытай СССР) адносна Ватыкану, была агучана і на “І Сусветнай агульнахрысціянскай канферэнцыі ў абарону міру”, дзе 14 чэрвеня 1961 г., архіепіскап (з 3 жніўня 1963 – мітрапаліт) Нікадзім (Ротаў) адзначыў у сваім выступе: “Дзве тэндэнцыі бачацца ў развіцці папскай сістэмы – тэндэнцыя да сцвярджэння валадарства папы над Касцёлам і светам і тэндэнцыя да абвяшчэння папскай бязгрэшнасці ў справах веры. Папская тэорыя ёсць найбольш яркі і сканцэнтраваны выраз таго духу вонкавага закону і секулярызацыі, які пранік у значнай ступені ў вучэнне і жыццё Каталіцкага Касцёла. <…> Імкненне да валадарства зямнога, кідала і кідае Рымскую Царкву ў самы цэнтр палітычнай міжнароднай барацьбы. Гэта імкненне прымушала і прымушае дагэтуль Папскі Рым быць рухавіком розных агрэсіўных палітычных асацыяцый і дзейнічаць на шкоду хрысціянству, падрываць самыя карані хрысціянскай веры і сённяшняй вялікай місіі царкоўных зносінаў. <…> загіпнатызаваная перспектывай паўнаты папскай улады, рымская курыя сваімі зямнымі інтарэсамі і сувязямі трывала ўрасла ў стары лад жыцця, непарыўна звязала сябе з імперыялістычнымі задумамі і дагэтуль застаецца глухой, і часцей варожай, да маральна-сацыяльных запытаў мас, якія змагаюцца за ідэалы свабоды, роўнасці і братэрства” [3, ст. 62-63].

50542246
Патрыярх Афінагор і пасланцы Папы Рымскага

Але асноўную перамогу Маскоўскі Патрыярхат здабыў на Усеправаслаўнай нарадзе, якая адбывалася з 24 верасня па 1 кастрычніка 1961 г. на выспе Родас. Дэлегацыя РПЦ, у якую ўваходзілі архіепіскап Нікадзім (Ротаў), архіепіскап Брусельскі Васіль (Крывашэін), епіскап Талінскі Аляксей і протапрэсвітар  Віталь Баравы, не дала магчымасці Канстанцінопальскаму патрыярху дамагчыся паўнамоцтваў на прадстаўленне ўсяго Усяленскага Праваслаўя. Адначасна архіепіскапам Нікадзімам (Ротавым) зноў была агучана абгрунтаваная антыкаталіцкая пазіцыя, якая знайшла падтрымку і шэрагу прадстаўнікоў грэцкіх Праваслаўных Цэркваў [4, ст. 281-282]. У выніку нарада не прыняла ніякага салідарнага рашэння адносна прапазіцыі Ватыкану, што было яўна ў інтарэсах Масквы.

Для ўмацавання пазіцый Маскоўскага Патрыярхату ў сусветным хрысціянскім руху ды пашырэння магчымасці ўплыву на хрысціянскія Цэрквы ў тым жа 1961 г. Свяшчэнны сінод РПЦ МП выносіць рашэнне аб мэтазгоднасці ўступлення ў Сусветную Раду Цэркваў [5, л. 27-28]. Пасля перамоў з Генеральным Сакратаром СРЦ Вісэртам Хуфтам 7 снежня 1961 г. Маскоўскі патрыярхат робіцца членам гэтай арганізацыі [6, л. 162]. Каментуючы гэтую падзею, каталіцкія СМІ звярталі ўвагу хрысціян на вялікую небяспеку, заклікаючы членаў СРЦ да “асцярожнасці” і “пільнасці”, бо “руская царква, уступіўшы ў члены СРЦ, паспрабуе накіраваць увесь экуменічны рух на ажыццяўленне планаў, падрыхтаваных у Крамлі, якія павінны спрыяць трыумфу савецкай прапаганды праз сусветнае хрысціянства” [7, л. 162]. Практычна адразу пасля ўступлення ў Сусветную Раду Цэркваў асноўная дзейнасць прадстаўнікоў РПЦ МП была скірованая на стварэнне своеасаблівага “міжнароднага фронту супраць Рыма-Каталіцкай Царквы” [7, л. 163]. Падобная пазіцыя выкарыстоўвалася для дадатковага ціску на Канстанцінопальскі патрыярхат у справе адмовы ад удзелу ў ІІ Ватыканскім саборы праз экуменічны рух.

Такім чынам, калі ў лютым 1962 года Фанар наведаў кардынал Ёханэс Вілебрандс (сакратар “Сакратарыята хрысціянскага адзінства”) ды прапанаваў Патрыярху Афінагору накіраваць назіральнікаў на ІІ Ватыканскі сабор, той мог прадстаўляць выключна Канстанцінопальскі Патрыярхат. І хоць для вывучэння дадзенага пытання была створаная асобная камісія пад кіраўніцтвам мітрапаліта Сардскага Максіма, станоўчае рашэнне аб дэлегаванні назіральнікаў было забракаванае, бо да таго часу Маскве ўдалося пераманіць на свой бок большасць Праваслаўных Цэркваў. З агляду на тое, што толькі Александрыйскі патрыярхат выказаў поўную згоду прыняць будзь-якое рашэнне Усяленскага Патрыярхату, 8 кастрычніка 1962 г. Сінод Канстанцінопальскага Патрыярхату прыняў адмоўнае рашэнне адносна ўдзелу сваіх назіральнікаў у ІІ Ватыканскім саборы.

rodos1961_01
Архіепіскап Нікадзім (Ротаў) падчас Усеправаслаўнай нарады на Родасе, 1961 г. Фота sobor2016.com

А што ж Масква?

На фоне няспыннай антыкаталіцкай рыторыкі савецкія дыпламаты і спецслужбы пачынаюць “наводзіць масты для кантактаў з Ватыканам” [8, ст. 325]. Вынікам гэтых кантактаў была канфідэнцыйная сустрэча архіепіскапа Нікадзіма (Ротава) з кардыналам Ёханэсам Вілебрандсам, якая адбылася ў Парыжы (жнівень 1962 г.). Пад час сустрэчы іерарх Маскоўскага патрыярхату заявіў, што “Крэмль мог бы пагадзіцца на прысутнасць назіральнікаў Рускай Праваслаўнай Царквы на Другім Ватыканскім Саборы, калі б Ватыкан змог гарантаваць, што гэты Сабор не стане антысавецкім форумам” [9, ст. 17]. Таксама Ватыкану былі нададзены пэўныя спадзяванні на змену стаўлення да каталіцкіх вернікаў з боку камуністычнага кіраўніцтва ды вызвалення з канцлагераў каталіцкіх святароў (як ў СССР, так і ў краінах “сацыялістычнага лагера”). Яшчэ адным стымулам для перамоў была зацікаўленасць Ватыкану ва ўсталяванні дыпламатычных адносін з СССР.

Варта адзначыць, што на момант пачатку перамоў з Ватыканам Масква дэ-факта кантралявала пераважную большасць Праваслаўных Цэркваў як у краінах “сацыялістычнага лагера”, так і ў некаторых арабскіх краінах, якім СССР дапамагаў у вайне з Ізраілем. На фоне адсутнасці адзінства сярод грэцкіх Праваслаўных Цэркваў ды нерашучасці Канстанцінопаля Масква сапраўды падавалася адзіным моцным ды надзейным партнёрам.

Таму ўжо 27 верасня – 2 кастрычніка 1962 года адбываецца афіцыйны візіт кардынала Ёханэса Вілебрандса ў Маскву [10, ст. 43-44], які 30 верасня “прысутнічаў у царкве Пятра і Паўла ў Лефортава падчас літургіі, якую здзейсніў архіепіскап Нікадзім” [10, ст. 44]. Па выніках візіту ды перамоў 10 кастрычніка 1962 г. Свяшчэнны сінод Маскоўскага Патрыярхату пастанавіў прыняць запрашэнне Ватыкана даслаць назіральнікаў, вызначыўшы склад дэлегацыі: протапрэсвітар Віталь Баравы і архімандрыт Уладзімір (Катляроў) [11, ст. 9-10]. А ўжо 12 кастрычніка цалкам нечакана для ўсіх іншых памесных Праваслаўных Цэркваў дэлегацыя РПЦ МП была прысутная на першай сесіі ІІ Ватыканскага Сабора [11, ст. 13]… Пры гэтым Маскоўскі Патрыярхат наўмысна не папярэдзіў Канстанцінопальскі ды іншыя Праваслаўныя Цэрквы аб змене сваёй пазіцыі, і вечарам 10 кастрычніка “патрыярх Афінагор тэлеграфаваў у Рым, што кіраўнікі Праваслаўных Цэркваў, уключаючы патрыярха Маскоўскага, вырашылі не прысылаць назіральнікаў” [12, ст. 515].

Менавіта ў выніку гэтай паспяховай спецаперацыі, праведзенай савецкімі спецслужбамі з дапамогай іерархіі Маскоўскага Патрыярхата, і былі адкінуты антыкамуністычныя праекты пастаноў ІІ Ватыканскага сабора праз выкананне дамоўленасцяў , а перад адкрыццём другой сесіі сабору, Мітрапаліт Нікадзім (Ротаў) «15 верасня 1963 года нанёс візіт ветлівасці Яго Святасці Папы Паўлу VI, які прыняў яго ў прыватнай аўдыенцыі <…> усклаў кветкі на магілу Папы Яна XXIII і здзейсніў літыю аб супакоі яго душы» [13, ст. 3].

Апрача гэтага, больш чым на 2 гады былі сапсаваныя адносіны Рыму і Канстанцінопаля, Патрыярх Афінагор нават не паслаў віншаванняў з нагоды абрання Паўла VI і не накіраваў прадстаўніка на яго інтранізацыю [14, ст. 26].

Зрэшты, эксклюзіўная прысутнасць дэлегацыі РПЦ МП на ІІ Ватыканскім саборы – гэта адзінае, што атрымаў Рым праз прыватныя дамоўленасці з Масквой, у выніку якіх былі адсунуты антыкамуністычныя пастановы. Бо перамовы савецкага пасла Сямёна Козарава і кардынала Аўгустына Беа аб усталяванні дыпламатычных адносін скончыліся безвынікова праз нежаданне савецкага кіраўніцтва аблегчыць становішча вернікаў у СССР [15, ст. 126-132]

Крыніцы і літаратура:

1. Профессор Михаил Шкаровский. Константинопольский патриархат и его отношения с Русской и Болгарской православными церквами в 1917 – 1950-е гг. ч. 3 / http://spbda.ru/publications/professor-mihail-shkarovskiy-konstantinopolskiy-patriarhat-i-ego-otnosheniya-s-russkoy-i-bolgarskoy-pravoslavnymi-cerkvami-v-1917-1950-e-gg-3/

2. Журнал Московской Патриархии. № 5, 1961

3. Журнал Московской Патриархии. № 8, 1961.

4. Архиепископ Василий (Кривошеин). Воспоминания. Н. Новгород. 1998

5. ГАРФ. Ф. 6991. Оп. 2. Д. 421.

6. РГАНИ. Ф. 5. Оп. 33. Д. 190.

7. РГАНИ. Ф. 5. Оп. 33. Д. 190.

8. Шкаровский М. В. Русская Православная Церковь при Сталине и Хрущеве. М., 2000

9. Степанов (Русак) В. Свидетельство обвинения. Т. 3. М., 1993.

10. Журнал Московской Патриархии. № 10, 1962

11. Журнал Московской Патриархии. № 11, 1962

12. Анджело Тамборра. Католическая Церковь и Русское православие. Два века противостояния и диалога. М., 2007

13. Журнал Московской Патриархии. № 10, 1963

14. История II Ватиканского собора / под ред. Джузеппе Альбериго. Т. III. М., 2005.

15. Карлов Ю. Е. Дипломатия Москвы и Второй Ватиканский собор. Второй Ватиканский собор: Взгляд из Москвы. М., 1997

прат. Сяргей Горбік (УПЦ КП)

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі