Хрысціяне Беларусі ўдзельнічаюць ў развіцці нацыянальнай ідэі

SAM_0864

6 лістапада ў Мінску адбылася канферэнцыя  “Беларуская нацыянальная ідэя ў еўрапейскім кантэксце” з удзелам вядомых пісьменнікаў, гісторыкаў  і багасловаў. 

Як стагоддзямі напрацоўвалася беларуская нацыянальная ідэя ў творах асветнікаў і літаратараў, у помніках культуры, у дзейнасці Праваслаўнай і Уніяцкай царквы, Каталіцкага касцёла і намаганнях айцоў-заснавальнікаў БНР – пра гэта дыскутавалі Алена Анісім, Павел Севярынец, Леанід Лыч, Пётр Рудкоўскі, Алег Краўцоў, Аляксей Янукевіч, Анатоль Тарас і іншыя. Важным  тэзісам, прагучаўшым на канферэнцыі, было прызнанне адыходу ад канцэпцыі будавання сацыялістычнай безнацыянальнай народнасці, якая панавала на Беларусі з 1917 па 1991 год, і выпрацоўка новага нацыянальнага праекта.

Доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, узгадваючы пра дзейнасць Францыска Скарыны, падкрэсліла ўплыў яго друкаванай Бібліі на выкрышталізоўванне нацыянальнай думкі ў Вялікім Княстве Літоўскім. “Кожны пераклад Бібліі на нацыянальныя мовы спрыяў магутным культуратворчым працэсам”, — адзначыла даследчыца.

Старшыня ТБМ і дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім адзначыла: “Кожная нацыянальная ідэя ганарыцца сваім этнасам, яго сутнасцю. Дзеячы ўсіх стагоддзяў, пачынаючы ад шляхты да ўдзельнікаў вызвольных паўстанняў, адчувалі сваю адказнасць за лёс народа, ставілі пытанне яго развіцця, яго адметнасці. Кастусь Каліноўскі выразіў гэта ў словах: “Калі ж ты будзеш шчаслівы, мой народзе?” У ХIX стагоддзі ішло фіксаванне на культуры, збіранне вялікага этнаграфічнага і паэтычнага матэрыялу. Напрацягу стагоддяў выспела ідэя: свая дзяржава, якая была абвешчана амаль сто гадоў таму. Беларусаў аб’ядноўваюць пошукі лепшай долі, але самае большае шчасце — жыць на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Беларус мусіць быць гаспадаром у сваёй краіне, напоўніцу рэалізаваць свой талент у межах сваёй адметнай культуры і займаць годнае месца паміж еўрапейскімі народамі. Сёння ТБМ засяроджвае сваю ўвагу на тым, каб зрабіць свой унёсак у нацыянальную ідэю стварэннем Нацыянальнага ўніверсітэта, інфармацыйным забеспячэннем усіх працэсаў на беларускай мове, законатворчасцю на роднай мове”.

Алена Анісім, Віталь Рымашэўскі, Алег Краўцоў
Алена Анісім, Віталь Рымашэўскі, Алег Краўцоў

“Бог даў зямлю і мову, наша задача — ствараць і развіваць незалежную дзяржаву, — адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Гэта ідэя апаноўвала нацыянальныя эліты на пачатку ХХ стагоддзя. Пасля першай сусветнай вайны імперыі пачалі развальвацца, і тады дзеячы БНР абвясцілі дзяржаўнасць Беларусі. Другая хваля надышла, калі нацыянальная ідэя стала запатрабаваная ў якасці абароны ад імперскага рэваншызму – у часы развалу “імперыі зла” ў 1990 годзе, калі заснавальнікі Беларускага Народнага Фронту, узяўшы на сябе смеласць і адказнасць, дамагліся абвяшчэння Рэспублікі Беларусь. Трэці момант — гэта цяперашні час, калі Беларусь выступае супраць імперскага рэваншызму, у той час, калі расійскія палітыкі пачалі адраджэнне Расійскай імперыі з развязваннем вайны ва Украіне і захопам Крыму. Сёння беларуская нацыянальная ідэя можа абараніць нашу краіну і нашу нацыю”.

“Перакрыжаванне юбілеяў 100-годдзя БХД і 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 500-годдзя Рэфармацыі, 135-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа даюць багаты плён для разважанняў, — адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец. — Беларуская хрысціянская дэмакратыя нацыянальную ідэю пераасэнсоўвае і дае шматлікія адказы. Самыя цікавыя тэзісы мы знаходзім ў працах ксяндза Адама Станкевіча. Беларусь стала часткай Еўропы з прыняццем хрысціянства, з’явілася пісьменнасць, мы ўключыліся ў агульнацывілізацыйны працэс. 1000 гадоў пабудовы сваіх праектаў сведчаць пра родавыя рысы беларускай нацыянальнай ідэі.  Полацкае княства — вечавая  хрысціянская дэмакратыя, ВКЛ — шляхецкая хрысціянская дэмакратыя, у ХХ стагоддзі ішла праца каталіцкіх і праваслаўных патрыётаў, якія мелі свой нацыянальны праект, посткамуністычнае адраджэнне набыло характар хрысціянскай дэмакратыі”.

Анатоль Тарас, Ірына Дубянецкая, Пётр Рудкоўскі
Анатоль Тарас, Ірына Дубянецкая, Пётр Рудкоўскі

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў ролю хрысціянскага сацыяльнага служэння ў перамене светапогляду грамадства,  а таксама дзейнасці праваслаўных брацтваў і асветніцкіх арганізацый. “Неабходны ўплыў хрысціянскай думкі ў грамадстве”, – падкрэсліў ён.

“Савецкая мадэль разглядала Беларусь як сацыялістычную нацыю, — адзначыў Алег Краўцоў.  —  Логіка пабудовы камуністычнай будучыні прымушала адмовіцца ад этнічнай самабытнасці. У 1991 годзе з момантам самароспуску СССР будаўніцтва камунізму спынілася, і разам з гэтым знік сэнс існавання беларускай сацыялістычнай нацыі. Нацыя засталася, але яна не стала ў адначассе еўрапейскай і буржуазнай. Постсавецкая наменклатура не можа будаваць дэмакратычнае грамадства. Задача нацыянальнай эліты — актывізаваць нацыятворчыя працэсы. Для гэтага трэба разумець, якім павінен быць новы нацыянальны праект. Нам неабходна не проста працягнуць шлях творцаў БНР, а пераадолець тое, што ўжывілася ў савецкую бытнасць. Нам патрэбна іншая мадэль нацыі з іншымі светапогляднымі ўстаноўкамі”.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі