16 лістапада – вялікая прэзентацыя рамана Паўла Севярынца “Беларусалім”

беларусалім

У чацвер 16 лістапада ў Менску, у Кангрэс-холе гатэлю “Вікторыя” (Пераможцаў, 59) пройдзе вялікая прэзентацыя рамана Паўла Севярынца “Беларусалім”.

Севярынец пісаў “Беларусалім” 12 гадоў, у тым ліку ў следчым ізалятары КДБ “Амерыканка”, на сутках Акрэсціна, у ссылках у Малым Сітне ды Купліне. Першая кніга рамана аб’ёмам каля 400 старонак называецца “Беларусалім. Золак”. Месцы дзеяння – Менск, Кіеў, Полацк, паведамляе BCHD.INFO.

У ціхай і забытай Беларусі засноўваецца штаб-кватэра карпарацыі “Непагасны свет”, якая выбірае эмблемай чорны квадрат і мае мэтай ні больш, ні менш – даць усяму чалавецтву шчасце: кожнаму – пульт ад самога сябе, сваіх пачуццяў, настрояў і болю.

Зорка “Непагаснага” Андрэй Белазор, ягоная каханая Вольга Васілеўская і таямнічы геній Чорнага квадрату Цімур у навагоднюю ноч трапляюць у галавакружны вір падзеяў з удзелам вышэйшых службовых асобаў Беларусі, міжнароднага капіталу ды вернікаў-хрысціянаў: евангельскага пастара Льва Каляды, пробашча касцёла святога Роха Пятра Гарнастая і праваслаўнага анархіста Яна Яснага.

Паступова робіцца зразумела, што і ў Бога, і ў д’ябла грандыёзныя планы адносна Беларусі. Краіна ператвараецца ў поле эпічнай бітвы з відам на Апакаліпсіс.

Такім чынам, “Беларусалім” — раман пра тое, што тоіць у сабе Беларусь.

Менск. Вялікая заля. Жывая музыка. Зоркі літаратуры.
Прыходзьце сем’ямі і з сябрамі. Пачатак а 18.00. Уваход вольны.

Даезд да Кангрэс-холу “Вікторыя” аўтобусамі 1, 69 альбо маршруткамі 1056, 1112 (прыпынак “Камсамольскае возера”).

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі