У Мінску БПЦ прэзентавала пераклад Новага Запавету на беларускую мову

15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы быў прадстаўлены грамадскасці і чытацкім колам новы пераклад на беларускую мову Новага Запавету, які завершыла Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання.

Да сённяшняга дня ні адзін з раней зробленых перакладаў Новага Запавету на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі. “Паступова наспела патрэба ў новым перакладзе для маладых пакаленняў, у якіх ёсць жаданне чытаць па-беларуску”, -адзначыў Іван Чарота.

«Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» — плод саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, якія распачалі гэтую працу 25 гадоў таму па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, цяпер ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь.

Выкладчык Інстытута тэалогіі протаіерэй Сергей Гардун распавёў пра асаблівасці лексікі аўтарскіх перакладаў Евангелля Лукі Дзекуць-Малея і Вінцэнта Гадлеўскага, Янкі Станкевіча, Пятра Татарыновіча, Уладзіслава Чарняўскага, Міхася Міцкевіча, Васіля Сёмухі, Анатоля Клышкі.

Не была забыта руплівасць па перакладзе Евангелля ў Таронта Антося Галіны, брата Якуба Коласа. Узгадваючы яго, міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч пажадаў, каб мы былі галінкамі аднаго дрэва, якія развіў Ісус Хрыстос.

Старшыня ТБМ Алена Анісім падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да вялікай працы і выказала ўпэўненасць, што новы пераклад будзе выкарыстаны ў штодзённым ужытку.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел уручыў узнагароды тым, хто працаваў над перакладам: кандыдату багаслоўя протаіерэю Сергію Гардуну, бакалаўру багаслоўя протаіерэю Аляксандру Пачопку, доктару філалагічных навук Івану Чароце, кандыдату філалагічных навук Уладзіміру Васілевічу, кандыдату багаслоўя Алесю Каралю, протаіерэю Георгію Латушку.

Пераклад зроблены з старажытнагрэчаскага тэксту, традыцыйна ўжытнага ў Праваслаўнай Царкве. Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.

Кніга надрукавана ў праваслаўнай тыпаграфіі Orthdruk (Беласток, Польшча) накладам у 6 тыс. асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. З іх 500 асобнікаў — падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам. Выдавецкі савет падрыхтуе яшчэ некалькі варыянтаў афармлення кнігі, каб яна стала настольнай кнігай для хрысціян, – адзначалася на прэзентацыі. Мерапрыемства завершыў выступ мітрапалічага хору пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Выданне тэкстаў Свяшчэннага Пісання Новага Запавету ў новым перакладзе на сучасную беларускую мову мае агульнанацыянальнае і гістарычнае значэнне. Новае выданне паслужыць узорам для ўсіх людзей, якія будуць імкнуцца глыбей пазнаць Святое Пісанне: святароў, пісьменнікаў, багасловаў і студэнтаў тэалогіі. Цяпер у грамадзян Беларусі з’явілася магчымасць чытаць і вывучаць Свяшчэннае Пісанне на роднай мове ў высокапрафесійным перакладзе. Кніга робіць даступным гэта вывучэнне для кожнага жадаючага.

25 лістапада ў Мінску адбудзецца прэзентацыя першага афіцыйнага перакладу Новага Запавету на беларускую мову Каталіцкай царквы Беларусі.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі