Другі Ватыканскі сабор. Пра апостальства свецкіх у матэрыялістычных асяроддзях

5_bigheads (1)

Krynica.info завяршае публікацыю падрыхтоўчых дакументаў (schema) Другога Ватыканскага сабору — чарнавікаў прапанаваных дэкларацый, у якіх абмяркоўвалася пагроза камунізму, апісвалася праграма супрацьстаяння яму і план “падрыву яго нахабства”. Гэтыя дакументы і ўсе адпаведныя прапановы былі адкінуты пасля таго, як камісіі Сабору захапілі біскупы з “Рэйнскай групы” — кааліцыі ліберальных іерархаў з Германіі, Францыі, Нідэрландаў і іх паплечнікаў, якія для дасягнення сваіх мэтаў дзейнічалі вельмі скаардынавана. LifeSite прадстаўляе гэтыя страчаныя чарнавікі англамоўнаму свету ў выглядзе — наколькі нам вядома — першага перакладу на якую-небудзь нацыянальную мову.

На нашу думку, гэтыя дакументы ўяўляюць вялікую вартасць для чытачоў з Беларусі ў 55-годдзе пачатку Другога Ватыканскага сабору, 80-годдзя піку камуністычнага тэрору ў Беларусі і 100-годдзя бальшавіцкага перавароту.

Упершыню апублікавана на англійскай мове ў перакладзе Мэцью Калінэна Хофмана на партале LifeSiteNews.com (кастрычнік 2017).

Пераклад на беларускую мову: Максім Фоміч, для Крыніца.info.

Чытайце таксама:

Другі Ватыканскі сабор. Страчаныя асуджэнні камунізму

Другі Ватыканскі сабор. Пра душпастырства і камунізм

 

Пра апостальства свецкіх у асяроддзях,
прасякнутых матэрыялізмам, асабліва марксізмам

(De laicorum apostolatu in ambitibus
materialismo, praesertim marxistico, imbutis
)

Раздзел VII De apostolatu laicorum,
падрыхтоўчага дакумента Другога Ватыканскага сабору,
зацверджанага ў красавіку 1962 года
камісіяй па справах біскупаў і наглядзе за дыяцэзіямі

Знаходзіцца ў:
ACTA ET DOCUMENTA CONCILIO OECUMENICO VATICANO II APPARANDO,
SERIES II (PRAEPARATORIA), vol. 3, pars 2, pp. 345–348

Прадмова

У асяроддзі народаў, якія пераважна з’яўляюцца хрысціянскімі, практычны матэрыялізм расце ўсё больш інтэнсіўна, умацоўваецца і нябачна пранікае ў людское сумленне.

Так званы “марксізм”, які вызнае адкрыты і ваяўнічы атэізм, трэба лічыць найвышэйшай формай гэтага матэрыялізму, якая праводзіць сістэматычныя спробы прасунуць сваё вучэнне пераважна — хоць і не выключна — сярод рабочых, але таксама і сярод элітаў[1].

Таму, маючы перад сваімі вачыма гэтую надзвычай сур’ёзную і паўсюдную небяспеку, а таксама любоў, з якою Хрыстус шукае тых, каго Ён адкупіў і каго заняволілі найвялікшыя памылкі, гэты Святы Сабор жадае прапанаваць дапаможныя інструкцыі, пры дапамозе якіх можна будзе распачаць і давесці да паспяховага завяршэння эфектыўную апостальскую працу.

Аднак для таго, каб цалкам рассеяць усялякую неадназначнасць наконт меркавання Касцёла і каб апостальская дзейнасць тых свецкіх асобаў, якія знаходзяцца ў аўчарні, таксама не была пазбаўлена эфектыўнасці, Святы Сабор палічыў слушным урачыста абвясціць наступнае.

Тады як марксізм, які Папа Пій ХІІ асабіста адкідае і асуджае[2], з’яўляецца найбольш цяжкой і найбольш варожай да хрысціянскай веры формай матэрыялізму, ён усё ж не з’яўляецца адзінай формай сучаснага матэрыялізму. Сёння ёсць шмат людзей, якія называюць сябе хрысціянамі, але пасіўна згаджаюцца са штодзённым ходам падзеяў, атаясамліваюць людское шчасце з тэхналагічным[3] і эканамічным прагрэсам, прагнуць багацця[4], імкнуцца пабудаваць свет, на ім заснаваны[5], і паступова адыходзяць ад Бога, Якога яны крок за крокам выдаляюць са свайго жыцця. Гэты практычны матэрыялізм у большай ступені заражае тых, хто адмаўляецца сведчыць пра сацыяльнае вучэнне Касцёла[6], не жадае прызнаваць правы бедных і слабых, дзейнічае супраць сацыяльнай справядлівасці і адмаўляецца супрацьстаяць адкрытай і несправядлівай няроўнасці ці прынамсі змяншаць яе[7]. Усё гэта, несумненна, адкрывае шлях да ўсялякіх скажэнняў вучэння.

З марксісцкім матэрыялізмам няможна нармальна змагацца, калі адкрыта не адкінуць таксама гэтыя іншыя формы матэрыялізму; не можа таксама быць ніякай надзеі на будучае знішчэнне марксісцкага атэізму ў свеце і ў сэрцы чалавека, пакуль апошняе аддадзена нейкім іншым формам матэрыялізму, таксама і той, якая з’яўляецца падмуркам для так званай “капіталістычнай” эканамічнай сістэмы, якая ёй жа прасоўваецца і якая запаўняе штодзённае жыццё чалавека.

Таму калі хрысціянскія вернікі, якія працуюць у свецкім апостальстве, аспрэчваюць і асуджаюць марксісцкі матэрыялізм у адпаведнасці з сацыяльным вучэннем Касцёла[8], яны не імкнуцца ані нейкім чынам супрацьпаставіць адну фракцыю іншай, ані падтрымаць прывілеі заможных людзей, ані нейкім чынам увайсці ў змову з зямнымі ўладамі альбо тымі, хто падманліва называе сябе абаронцамі прынцыпаў рэлігіі і правоў Касцёла, а насамрэч жадае абараніць свае ўласныя прывілеі, адначасова хаваючы несправядлівасць; усё гэта несумненна і адназначна прывяло б да шкоды Касцёлу.

55. [Фундаментальныя падыходы]. Важна, каб свецкія працаўнікі апостальства сапраўдна і шчыра сталі ўдзельнікамі ўмоваў жыцця сваіх калегаў. Для іх недастаткова толькі жыць, працаваць альбо прабываць з імі; дадаткова трэба актыўна супрацоўнічаць з імі ва ўсіх тых рэчах, якія вядуць да супольнага дабра, і працаваць з імі дзеля прасоўвання таго ж дабра з усёй сваёй моцай[9]. Акрамя таго, яны павінны цалкам адмовіцца ад тых рэчаў, якія супярэчаць Божаму праву, а менавіта ад нянавісці сярод людзей, ад культу мамоны, ад несправядлівага выкарыстання, ад прагі ўлады, ад ілжы і падману, ад выкарыстання амаральных сродкаў; яны павінны цвёрда служыць Богу і дапамагаць сваім братам у духу беднасці, які наш Пан так заахвочваў у Евангеллі[10].

56. [Бог павінен быць іх паўнатою]. Каб свецкія вернікі маглі жорстка і паспяхова змагацца з атэізмам, найперш неабходна, каб іх жыццё было напоўнена Богам, каб яно атрымлівала сваю цэласнасць ад гэтага цеснага саюзу і ад асвячэння ўсёй іх працы. Яны таксама павінны няспынна маліцца і прасіць за сваіх братоў.

57. [Трэба праяўляць разважлівасць]. Свецкія вернікі павінны праяўляць патрэбную разважлівасць, каб на працягу іх штодзённых сацыяльных кантактаў яны паволі і незаўважна не пранікаліся разнастайнымі памылкамі, якія яны могуць чуць, бачыць і пра якія яны могуць чытаць.

58. [Апостальская дзейнасць]. Свецкія вернікі павінны паказваць, што хрысціянская рэлігія не з’яўляецца толькі абстрактным вучэннем; яны павінны жыць так, каб выконваць хрысціянскае вызнанне, якое яны самі прынялі, — адзінае адпаведнае для сацыяльнага жыцця. Таму неабходна жыць цалкам хрысціянскім жыццём, старанна праяўляць і выражаць яго, асабліва ў сацыяльных адносінах[11].

Акрамя таго, хрысціянскія вернікі ўсім сваім сэрцам павінны аддавацца аднаўленню сацыяльнага жыцця.

Што датычыцца іх апостальскай дзейнасці, яны павінны ўдасканальваць свае веды пра мясцовыя абставіны і ацэньваць іх паводле нормаў Евангелля, а затым дзейнічаць адпаведна.

59. [Навучанне і фармацыя]. Гэтым вернікам патрэбны асаблівы тып навучання і фармацыі; у прыватнасці, іх неабходна інфармаваць пра разнастайныя элементы хрысціянскага вучэння, якія аспрэчваюцца сучаснымі атэістамі і марксістамі; ім трэба выкладаць марксісцкае вучэнне, а таксама марксісцкую ментальнасць, якая распаўсюджваецца таксама і па-за марксісцкімі групамі; ім трэба лепш пазнаваць такія спосабы мыслення і дзеяння, асабліва сярод марксістаў, якімі яны змогуць лепш абараняцца ад памылак, а таксама больш паспяхова тлумачыць і перадаваць праўду іншым.

Неабходна дакладна вывучаць сацыяльнае вучэнне Касцёла, асабліва ў гэтых пытаннях[12].

Варта асабліва адзначыць, што проста негатыўнага суджэння недастаткова. Паколькі ніводная памылка не ўзнікае, не змяшаўшыся з пэўнай часткай праўды, свецкіх вернікаў неабходна вучыць правільна адрозніваць дабро ад зла, вызначаючы тыя рэчы, якія адносяцца да справядлівасці, і старанна знаходзячы іншыя, якія з’яўляюцца небяспечнымі, асабліва ў сродках дасягнення сваёй мэты.

60. [Неабходнасць еднасці]. Неабходна, каб свецкія асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі пэўнага рэгіёна апостальскай дзейнасці, часта сустракаліся, каб іхняя дзейнасць была рэзультатам супольнага намагання; гэта можна рэалізаваць рознымі спосабамі ў залежнасці ад патрэбаў і звязаных з гэтым пытанняў[13].

61. [Дапамога Касцёла]. Свецкім місіянерам, якія выконваюць гэтую працу, павінен дапамагаць увесь Касцёл: мясцовы біскуп, святары, кансэкраваныя асобы і ўсе хрысціянскія вернікі — нястомнай малітвай, асабліва публічнай малітвай, а таксама размяркоўваючы дапамогу святароў, якія надаюцца да такога апостальства[14].

62. [Хрыстус, ціхі і пакорнага сэрца] Усім вернікам з кожнага класу трэба супрацоўнічаць, каб паўсюдны Касцёл з’яўляўся вобразам Хрыста, Настаўніка і Адкупіцеля, каб ён мог на ўзор свайго Боскага Прыкладу ззяць нязменным вучэннем, добрымі справамі, чалавечнасцю, беднасцю і асабліва любоўю[15].

[…]

Тэкст канчаткова зацверджаны — толькі з адным голасам супраць у сувязі з раздзелам VI, № 2 — на агульнай сесіі, якая праводзілася 28 красавіка 1962 года.

Спасылкі:

[1] Сучасны атэістычны камунізм не хавае свайго атэізму. Несумненна, ён змагаецца з абсалютна ўсімі формамі рэлігійнасці, якую ён называе “опіумам для народу”; асабліва ён супрацьстаіць Рымска-Каталіцкаму Касцёлу, які ён лічыць проста палітычнай сілай, што ўступіла ў саюз з “капіталізмам” дзеля абароны супольных прывілеяў.

Насамрэч сучасны камунізм з’яўляецца псеўдарэлігіяй, прычым эсхаталагічнай. Будучае грамадства, якое прапануе камунізм, без усялякіх класаў, без усялякай прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, вызваленае з усіх адпаведных формаў варожасці, прывядзе да паяднання чалавека з прыродай і чалавека з чалавекам, што створыць сапраўдную свабоду. Як ахвяра крадзяжу, пралетарыят мае месіянскую місію, якая заключаецца ў вызваленні пры дапамозе пралетарскай рэвалюцыі не толькі самога сябе, але і ўсяго чалавецтва, а таксама ў адыгрыванні дамінуючай ролі. Сакрамэнтам гэтай рэлігіі з’яўляецца тэхналагічны прагрэс, які праз людскую працу дае пэўную надзею заваявальнай прыроды, якая вядзе чалавецтва да шчасця і спакою пры дапамозе развіцця эканамічнай структуры, для якой усе ідэалогіі з’яўляюцца толькі надбудовай. Гэта патрабуе канфлікту класаў для падаўлення тых, хто зводзіць пралетарыят да рабства, захоўваючы за сабою сродкі вытворчасці. Усяго гэтага патрабуюць прадвызначаныя і неабходныя падзеі дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму.

Таму чалавек адчувае сябе не асобай, надзеленай спантаннай свабодай, а часткай калектыўнага (часткай “масаў”), якое адначасова з’яўляецца стваральнікам сусвету і збаўцам чалавецтва. Гэтая рэлігія абараняе свой дагматычны марксізм-ленінізм, асуджае ерэтыкоў і адлучае схізматыкаў. У гэтым заключаецца яе містыцызм, яе вера, надзея і любоў, і адсюль выцякаюць усе яе нормы, як этычныя, так і юрыдычныя.

[2] Divini Redemptoris, A.A.S., 29, 1937, c. 96. Пар. Caritate compulsi, 3 мая 1932 года, A.A.S., 24, 1932, c. 180–181; Дэкрэт Святой Канцылярыі, 1 ліпеня 1949 года, A.A.S., 41, 1949, c. 334.

[3] Пій ХІІ, Nuntius radiophonicus in Natali Domini (радыёпрамова ў вігілію Божага Нараджэння), 1953, A.A.S., 46, 1954, c. 9.

[4] Caritate compulsi, A.A.S., 24, 1932, c. 178.

[5] Mater et Magistra, A.A.S., 53, 1961, c. 452.

[6] Divini Redemptoris, ibid., c. 91.

[7] Пій ХІІ, радыёпрамова ад 1 верасня 1944 года, A.A.S., 36, 1944, c. 253.

[8] Caritate compulsi, ibid., c. 180; Divini Redemptoris, c. 69 і далей.

[9] Mater et Magistra, ibid., c. 456.

[10] Пій ХІ, Sermo ad adstantes ex Hispania profugos, 14 верасня 1936 года, A.A.S., 28, 1936, c. 376; Divini Redemptoris, c. 73, c. 95.

[11] Quadragesimo Anno, A.A.S., 1931, c. 218; c. 222–223; Nova impendet, 20 кастрычніка 1931 года, A.A.S., 23, 1931, с. 394; Sermo adstantes ex Hispania profugos, A.A.S., 28, 1936, с. 377; Divini Redemptoris, ibid., с. 101.

[12] Divini Redemptoris, ibid., с. 103; Пій XII, Adhortatio apostolica ad clerum universum (Апостальская адгартацыя да ўсяго духавенства), 22 верасня 1950 года, A.A.S., 42, 1950, с. 697; Mater et Magistra, ibid., c. 462.

[13] Divini Redemptoris, c. 102.

[14] Пій X, Notre charge apostolique, 2 жніўня 1910 года, A.A.S., 2, 1910, с. 630; Пій XI, Divini Redemptoris, с. 98; Пій XII, Adhortatio apostolica ad clerum universum (Апостальская адгартацыя да ўсяго духавенства), 22 верасня 1950 года, A.A.S., 42, 1950, с. 697; Mater et Magistra, ibid., c. 462.

[15] Divini Redemptoris, с. 98; Пій XI, Ad Catholici Sacerdotii, A.A.S., 28, 1936, с. 28 і далей.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі