У Смілавічах спілавалі крыж, які муж-мусульманін паставіў праваслаўнай жонцы

крест
На Дукаршчанскіх могілках пад Смілавічамі на пачатку верасня мусульмане спілавалі праваслаўны крыж.

Кожны з бакоў настойвае на тым, што мае рацыю: мясцовыя татары-мусульмане кажуць, што ўсталяванне крыжа было правакацыяй перад святам Курбан-Байрам, сваякі мясцовай памерлай жанчыны, якія паставілі крыж, скардзяцца на беззаконне, паведамляе Радыё Свабода.

У Смілавічах жыве вялікая татарская супольнасць, пэўны час тут была адзіная ў Мінскай вобласці мячэць, сёння на 5 тысячаў жыхароў у мястэчку – прыкладна сто мусульманскіх сем’яў.

Дукаршчанскія могілкі, якія лічацца больш за 400 гадоў мусульманскімі, месцяцца паміж мястэчкам і вёскай Дукоршчына. У савецкі час, калі тут пачалі хаваць хрысціянаў, паміж мусульманскай і хрысьціянскай часткамі выкапалі роў.

У жніўні на мусульманскай частцы могілак зьявіўся праваслаўны крыж. Тут пахавалі Марыю Канапацкую, крыж паставіў яе муж-мусульманін. Яшчэ пры жыцьці жонкі сям’я вырашыла, што яны будуць пахаваныя разам на мясцовых могілках.

Напярэдадні свята Курбан-Байрам старшыня смілавіцкай татарскай грамады Сапар Канапацкі пабачыў драўляны крыж, палічыў гэта правакацыяй і спілаваў верхнюю частку. Сваякі памерлай Марыі Канапацкай напісалі заяву ў міліцыю, на Сапара Канапацкага завялі адміністрацыйную справу. У адказ старшыня татарскай грамады накіраваў ліст Упаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніду Гуляку.

Старшыня Смілавіцкага сельскага выканаўчага камітэту Ірына Марціновіч кажа, што могілкі – грамадскія, а падзел іх на дзве часткі ўмоўны, па традыцыйнай дамоўленасці, таму муж памерлай кабеты нічога не парушыў.

«Гэта кранае мае пачуцці. Нашто так рабіць, калі побач, за сто метраў, хаваюць хрысціянаў», – абураецца  імам смілавіцкай мячэці Сулейман Рак.

Пакуль на магіле стаіць драўляны крыж. Ён часовы. Ці будзе крыж на каменным надмагільным помніку, сваякі Марыі Канапацкай яшчэ не вырашылі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі