12% праваслаўных беларусаў не вераць у Бога

царква Гаўрыіла Віцебск

У Беларусі пражывае 5,9 млн праваслаўных, ці 62% ад агульнай колькасці насельніцтва. Пры гэтым толькі 22% з іх абсалютна ўпэўнена вераць у Бога, менш упэўнена вераць – 66%, не вераць у Бога – 12%. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні “Праваслаўнае хрысціянства ў ХХІ стагоддзі”, апублікаваным у лістападзе Pew Research Center.

Толькі для 17% праваслаўных беларусаў рэлігія вельмі важная ў іх жыцці, наведваюць царкву штотыдзень 12%, моляцца штодзённа 22%, ахвяруюць на царкву – 14%, посцяцца – 27%, прымаюць прычасце – 34%. Пры гэтым ахрышчаныя толькі 96% грамадзян Беларусі, якія вызнаюць сябе праваслаўнымі.

Варта адзначыць, што 88% праваслаўных маюць дома іконы, 61% носяць рэлігійныя сімвалы 61%, 76% запальваюць свечкі ў цэрквах.

Вераць у рай 68% праваслаўных беларусаў, у пекла — 65%, у цуды – 43%, у душу – 71%, у лёс – 68%, у сурок 44%, у магію – 40%, у рэінкарнацыю – 29%.

28% праваслаўных беларусаў падтрымліваюць магчымасць жаночага святарства, супраць яго выступаюць 56%. 65% падтрымліваюць дазвол жанатым мужчынам быць святарамі, 24% — супраць гэтага.

Найвышэйшым аўтарытэтам у праваслаўным свеце беларускія праваслаўныя лічаць Маскоўскага патрыярха (54%), а Канстанцінопальскага такім лічаць толькі 8%.

Еўхарыстычную еднасць з каталікамі падтрымліваюць 31% праваслаўных Беларусі, супраць — 28%. Сярод беларускіх каталікоў гэтыя лічбы складаюць адпаведна 51% і 29%. З тым, што ў праваслаўных шмат агульнага з каталікамі, згодныя 70% праваслаўных і 75% каталікоў Беларусі, нязгодныя – па 20% і праваслаўных, і каталікоў.

76% праваслаўных беларусаў і 95% беларусаў-каталікоў лічаць, што Папа Францішак паляпшае стасункі з праваслаўнымі, а агульны прыязны погляд на яго маюць 57% праваслаўных і 83% каталікоў.

З тым, што няма адзінай праўдзівай веры, у Беларусі згодныя 31% праваслаўных, з тым, што ёсць толькі адзін шлях трактоўкі рэлігіі, — 30%.

42% праваслаўных беларусаў выступаюць за легальнасць абортаў, супраць 54%. Падтрымліваюць тое, што ў Праваслаўнай Царкве ёсць магчымасць разводу, 70% вернікаў, супраць гэтага выступаюць 17%.

Царкоўную забарону аднаполых шлюбаў падтрымліваюць 82% праваслаўных беларусаў, супраць яе выступаюць – 10%. Супраць прыняцця гамасексуальнасці грамадствам 84% праваслаўных беларусаў (за — 9%), супраць магчымасці легальных аднаполых шлюбаў 81% (за — 16%).

Увогуле, маральна няправільным ужыванне наркотыкаў лічаць 88% праваслаўных беларусаў, гамасексуальныя паводзіны — 85%, прастытуцыю — 81%, аборт — 37%, ужыванне алкаголю — 32%, дашлюбны секс — 26%, разводы — 16%, ужыванне кантрацэптываў — 14%.

Што тычыцца эканамічных пытанняў, то экалогію ў супрацьвагу эканамічнага росту падтрымліваюць 73% апытаных праваслаўных беларусаў, наадварот лічаць 17%.

63% праваслаўных Беларусі прызнаюць эвалюцыю, у тым ліку лічаць, што яна адбылася ў выніку натуральнага адбору і іншых прыродных прычын – 44%, пад кіраўніцтвам найвышэйшых сілаў – 15%. 24% мяркуюць, што чалавек існаваў такім ад пачатку свету.

Са сцвярджэннем, што жанчына абавязаная перад грамадствам выхоўваць дзяцей згодныя 58% праваслаўных беларусаў; што жонка павінна заўсёды падначальвацца мужу – 40%; што пры недахопе працы ў мужчыны павінна быць больш правоў на працу – 40%; што ідэальны шлюб, гэта калі муж зарабляе грошы, а жонка апякуецца домам і дзецьмі – 24%.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі