У Польшчы завяршыўся дыяцэзіяльны этап беатыфікацыі каталіцкага святара з Беларусі

Назаретанки
У Польшчы ва Уроцлаве 25 лістапада адбылося ўрачыстае завяршэнне дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыі Слугі Божага кс. Аляксандра Зянкевіча – нараджэнца Беларусі.

Урачыстасць распачалася адмысловай сесіяй у актавай зале Папскага Тэалагічнага ўніверсітэта, а завяршылася святой Імшой у архікатэдральным касцёле. Па запрашэнні мітрапаліта Уроцлаўскага арцыбіскупа Юзафа Купнага Беларусь прадставіў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, паведамляе catholic.by.

Ксёндз Аляксандр Зянкевіч нарадзіўся ў 1910 годзе ў парафіі Дунілавічы на Віцебшчыне, з 1939 да 1946 года нёс служэнне ў Навагрудку як капелан сясцёр назарэтанак. Адзінаццаць сясцёр супольнасці ахвяравалі за яго і іншых навагрудчан, узятых у закладнікі, свае жыцці і 11 жніўня 1943 года былі расстраляны гітлераўцамі.

Пасля расстрэлу, дзякуючы намаганням кс. Зянкевіча, целы сясцёр былі знойдзеныя і перапахаваныя, памяць пра іх была захаваная. Ксёндз Аляксандр прыклаў шмат руплівасці, каб яго духоўныя дочкі, мучаніцы-назарэтанкі, былі беатыфікаваныя.

Памёр кс. Аляксандр Зянкевіч восенню 1995 года ва Уроцлаве.

Курыя Пінскай дыяцэзіі заахвочвае ўсіх вернікаў маліцца аб хутчэйшым завяршэнні беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага кс. Аляксандра Зянкевіча.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі