Каталіцкая Царква прэзентуе Новы Запавет па-беларуску 19 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Кондрусевич
У Мінску ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) 25 лістапада прайшоў біблійны сімпозіум «Слова Божае 1517–2017».

Кульмінацыяй сімпозіума стала прэзентацыя першага поўнага рыма-каталіцкага выдання «Новага Запавету» на беларускай мове, здзейсненага Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

«Сённяшняя падзея заклікае адказаць на пытанне: якое месца ў нашым жыцці займае слова Божае?» – зазначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прывітальнага слова да ўдзельнікаў біблійнага сімпозіума, паведамляе catholic.by.

Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы а. Святаслаў Рагальскі ў сваёй прамове адзначыў: «Зараз, калі Святое Пісанне ёсць амаль у кожным доме, людзі забываюць, што яно з’яўляецца духоўным хлебам. Але толькі тады нацыя становіцца нацыяй, якая праслаўляе Бога, калі пачынае спажываць гэты “духоўны хлеб”».

Прадстаўнік Біблійнага таварыства Беларусі Ігар Міхайлаў звярнуў увагу на важнасць сімпозіума ў кантэксце святкавання 500-годдзя Бібліі Скарыны і падкрэсліў, што беларускі першадрукар ў першую чаргу быў хрысціянінам: «Сэрца Скарыны прагнула Бога, таму ён і друкаваў Біблію. І тыя, хто сёння займаецца выданнем Бібліі, могуць таксама лічыць сябе спадкаемцамі Францішка Скарыны».

Доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук выступіла з дакладам на тэму гісторыі перакладаў Святога Пісання на беларускую мову, узгадаўшы таксама пра асаблівасці лексікі, цяжкасці, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі падчас сваёй працы, і моўныя недахопы ў мінулых неафіцыйных выданнях Новага Запавету.

Таксама мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што Секцыя па перакладзе была заснаваная спачылым кардыналам Казімірам Свёнткам.

Напрыканцы сімпозіума адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Маштабная прэзентацыя Новага Запавету адбудзецца 19 снежня ў 16.00 ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі