Юбілейная “Скарыніяна” ў Мінску запрашае гледачоў

Важкі ўнёсак у асэнсаванне 500-годдзя беларускай друкаванай кнігі ўносяць мастакі і скульптары, графікі і кніжныя ілюстратары. На выставе ў мінскім Палацы мастацтваў прадстаўлены працы ў розных жанрах, якія адлюстроўваюць выдавецкі подзвіг Францішка Скарыны, выяўляюць розныя грані яго асобы.

Значную частку экспазіцыі складаюць партрэты і скульптурныя выявы першадрукара. Сярод іх, найперш, прыцягваюць увагу партрэты пэндзля Георгія Паплаўскага (“Францыск Скарына”), Алеся Цыркунова (“Першадрукар”), Юрыя Каралевіча (“Адраджэнне”), скульптурныя бюсты з танаванага і белага гіпсу Льва і Сяргея Гумілеўскіх, постаць асветніка, адлітая ў бронзе Паўлам Лукой. Родным мясцінам асветніка прысвечаны творы Івана Козела “Полацк”, Уладзіміра Пракапцова “Нараджэнне дня” і Аксаны Хамко “Шляхамі Скарыны”.

Роздум пра Кнігу кніг, Слова, якое было адпачатку, пранізвае працы Паўла Хадаровіча “Прадмова”, Алены Шлегель “Алфавіт” і іншыя. Майстры плаката — Генадзь Мацур, Аляксандр Кулажанка, Сяргей Саркісаў падрыхтавалі ў юбілейным годзе серыі ёмкіх і лаканічных знакавых твораў на тэму беларускага слова і літары. У межах выставы прадстаўлены мастацкі праект “Беларускі АРТ-Алфавіт”, куратарам якога з’яўляецца віцебская мастачка Кацярына Мяснікова. У выставачным праекце ўдзельнічаюць знакавыя прадстаўнікі беларускай графічнай школы – Юрый Якавенка, Павел Татарнікаў, Леў Алімаў, Міхаіл Басалыга, Раман Сустаў.

Чым жа адрозніваецца юбілейная “Скарыніяна” ад мастацкіх падзей мінулых гадоў? На выставе зацікаўлены глядач знойдзе шэраг прац у новых незвычайных тэхніках. Напрыклад, Канстанцін Вашчанка выканаў вялікую кніжную гравюру са скарынавых кніг з полістыролу. Таццяна Сакалоўская падрыхтавала працу ў змешанай тэхніцы на дрэве, а Таццяна Ласка вышывала літары беларускага алфавіту на тканіне.

Акрамя твораў выяўленчага мастацтва на выставе прадстаўлены адноўлены Уладзімірам Ліхадзедавым друкарскі станок Францыска Скарыны. Наведвальнікі экспазіцыі змогуць выкарыстаць шлем віртуальнай рэальнасці, з дапамогай якога можна перанесціся ў друкарскую майстэрню XVI стагоддзя. Выстаўка працягне сваю працу да 3 снежня.

Эла Дзвінская.

фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі