МУС: прыбытак ад продажу алкаголю несувымерны са стратамі

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі працягвае працу па падрыхтоўцы праекта ўказа кіраўніка дзяржавы «Аб пытаннях рознічнага гандлю алкагольнымі, слабаалкагольнымі напоямі і півам», які ў выпадку падпісання дазволіць прыпыніць алкагалізацыю насельніцтва і скараціць колькасць ахвяр «п’яных» злачынстваў. Пра гэта распавёў начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей.

У інтэрв’ю сайту МУС ён адзначыў, што тры чвэрці ад колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян у краіне здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення. «Тры з чатырох такіх злачынстваў маглі не адбыцца, калі б чалавек не злоўжываў спіртным! А калі казаць аб сямейным гвалце, то амаль усе хатнія канфлікты адбываюцца падчас распіцця спіртнога. Нам вядомыя выпадкі, калі співаюцца цэлыя сем’і. А ўсё з-за таго, што танна купіць спіртное можна ці ледзь не ў кожным двары, дзе ёсць міні-крама», — заявіў Алег Каразей.

Паводле яго, эксперыменты па абмежаванні продажу спіртнога, «дні цвярозасці» паляпшалі сітуацыю са злачыннасцю. Пры гэтым ён адзначыў, спаслаўшыся на вопыт краін Еўропы, што колькасць гандлёвых кропак з алкаголем наўпрост ўплывае на сітуацыю са здзяйсненнем правапарушэнняў. Так, у Беларусі 1 крама са спіртным прыпадае на 600 чалавек, у Швецыі і Нарвегіі — на 4,5 тыс., у Фінляндыі — на 6,3 тыс., у Ісландыі — амаль на 16 тыс. «У нас жа даступнасць алкаголю і выстаўленне яго на прылаўках побач з іншымі таварамі ўжо сфармавалі лаяльнае стаўленне да яго, ён успрымаецца, як любы іншы прадукт», — упэўнены прадстаўнік МУС.

Ён таксама адзначыў, што выгада ад рэалізацыі алкаголю для датычных несувымерная з эканамічнымі стратамі для дзяржавы ў цэлым. У сувязі з гэтым Алег Каразей заклікаў браць у разлік шмат фактараў: смяротнасць ад алкагалізму, страту працаздольнасці, выдаткі на лячэнне, сацыяльныя выплаты інвалідам, шкоду ад пажараў і ДТЗ, выдаткі на ўтрыманне зняволеных, на барацьбу са злачыннасцю і безнагляднасцю непаўналетніх… «Спіс можна працягваць доўга. Гэта толькі фінансавы бок. Сусветны вопыт паказвае, што абмежаванні ідуць на карысць здароўю нацыі і эканоміцы», — сказаў ён.

У якасці барацьбы з алкагалізацыяй МУС прапаноўвае па прыкладзе еўрапейскіх краін абмежаваць час продажу алкаголю, абмежаваць яго продаж на АЗС, ажыццяўляць продаж алкагольных напояў толькі ў адасобленых таварных аддзелах магазінаў, павялічыць узрост, з якога дазволена купля алкаголю.

Нагадаем, раней з падобнымі прапановамі выступалі беларускія хрысціянскія дэмакраты.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі