Трамп прызнаў Ерусалім сталіцай Ізраіля

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 6 снежня прызнаў Ерусалім сталіцай Ізраіля і абвясціў аб пераносе амерыканскай амбасады з Тэль-Авіва. Паколькі ў ЗША пакуль няма на прыкмеце прыдатнага будынка ў Ерусаліме пад амбасаду, пераезд можа заняць гады.

Па словах прадстаўнікоў Белага дома, Трамп такім чынам толькі фіксуе рэальнасць — Ерусалім, на яго думку, і так выконвае ролю сталіцы Ізраіля. Яны адзначаюць, што рашэнне адносна Ерусаліма не мяняе палітыкі ЗША ў дачыненні да межаў Ізраіля. Таксама застаецца і статус-кво ў пытанні Храмавай гары, паведамляе BBC.

Саюзнікі ЗША на Блізкім Усходзе агрэсіўна рэагавалі на планы Трампа аб’явіць аб статусе Ерусаліма. Іарданія, пад наглядам якой знаходзяцца ўсе ісламскія святыні горада, папярэдзіла, што дзеянні Трампа пацягнуць цяжкія наступствы. Па ініцыятыве Іарданіі была скліканая экстранная нарада з удзелам Лігі арабскіх дзяржаў і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Ахмед Абуль Гейт, кіраўнік Лігі, заявіў, што гэты крок ЗША паспрыяе росту фанатызму і жорсткасці.

А прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган папярэдзіў Трампа, што той перасячэ «чырвоную рысу» для ўсіх мусульман. «Мы можам дайсці да таго, каб разарваць дыпламатычныя сувязі з Ізраілем з-за гэтага пытання», — заявіў ён падчас сваёй тэлевізійнай прамовы 5 снежня.

Віцэ-прэм’ер Турцыі Бекір Баздаг назваў рашэнне велізарнай катастрофай, якая знішчыць далікатны мір і прывядзе да новых канфліктаў.

Старшыня Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі Махмуд Абас заклікаў сусветных лідараў умяшацца ў сітуацыю. Паводле яго, «такое рашэнне ЗША перакрэсліць мірны працэс і дэстабілізуе сітуацыю ў рэгіёне».

Брусель і Берлін перасцераглі ЗША ад аднабаковага прызнання Ерусаліма сталіцай Ізраіля. Неабходна пазбягаць усяго, што можа перашкодзіць мірнаму ўрэгуляванню і канцэпцыі стварэння дзвюх дзяржаў для ізраільцян і палестынцаў, заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні, перадае Deutsche Welle.

Яе падтрымаў кіраўнік МЗС Нямеччыны Зігмар Габрыэль. «Рашэнне праблемы Ерусаліма магчыма толькі на прамых перамовах паміж двума бакамі», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што ўсё, што спрыяе абвастрэння сітуацыі, з’яўляецца контрпрадуктыўным.

«Урад Нямеччыны не падтрымлівае гэтую пазіцыю, бо пытанне аб статусе Іерусаліма павінна быць вызначана ў рамках стратэгіі стварэння дзвюх дзяржаў», — працытаваў канцлера Германіі Ангелу Меркель у Twitter 6 снежня яе афіцыйны прадстаўнік Штэфэн Зайберт.

Статус Ерусаліма напрамую звязаны з канфліктам паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй, якую падтрымліваюць іншыя арабскія дзяржавы і ўвесь ісламскі свет. Гэта горад, асабліва ўсходняя яго частка, лічыцца святым для юдаізму, ісламу і хрысціянства. Ізраіль заняў гэты раён падчас блізкаўсходняй вайны 1967 года і лічыць горад неаддзельнай часткай сваіх тэрыторый. Палестынцы ж лічаць Усходні Ерусалім сталіцай сваёй будучай дзяржавы. ЗША сталі першай дзяржавай, якая прызнала Ерусалім сталіцай Ізраіля з моманту заснавання дзяржавы ў 1948 годзе.

Паводле мірнага пагаднення 1993 года, выніковы статус горада павінен быў абмяркоўвацца на наступных этапах мірных перамоваў. Права Ізраіля на Ерусалім не прызнана міжнароднай супольнасцю. Усе краіны, уключаючы ЗША размясцілі свае прадстаўніцтвы ў Тэль-Авіве.

З 1967 года Ізраіль пабудаваў ва Усходнім Ерусаліме дзясяткі кварталаў, дзе цяпер пражываюць прыкладна 200 тыс. ізраільцян. Паселішчы лічацца незаконнымі па нормах міжнароднага права, хоць Ізраіль аспрэчвае гэта.

Прызнанне ЗША Ерусаліма ізраільскай сталіцай выкліча канфлікт з міжнароднай супольнасцю. Акрамя таго, такое рашэнне ўмацуе пазіцыі Ізраіля адносна легальнасці паселішчаў на ўсходзе Ерусаліма. Таксама яно паставіць пытанне пра тое, як ЗША будуць паводзіць сябе ў дачыненні да рэзалюцыяў ААН па гэтым пытанні. У ЗША ёсць права вета, якое можа быць выкарыстана пры далейшым абмеркаванні дзеянняў ізраільскага ўрада на ўсходзе горада.

Як растлумачылі прадстаўнікі адміністрацыі, Трамп будзе гатовы «падтрымаць прынцып» дзвюх дзяржаў для двух народаў «, калі і ізраільцяне, і палестынцы будуць згодныя.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі