У Беларусі патрабуюць прыпыніць дзейнасць Сведак Іеговы

Петыцыя да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у Беларусі Леаніда Гулякі з патрабаваннем правесці дзяржаўную рэлiгiязнаўчую экспертызу вучэння Сведак Іеговы з’явілася на сайце change.org. Пра гэта паведамляе сайт sekty.by. Яе аўтарам адзначаны нехта Максім Арсенцьеў.

Згодна з петыцыяй, Сведкі Іеговы ў Беларусі не праходзілі рэлiгiязнаўчую экспертызу веравучэнняў, абавязковую для дзяржрэгістрацыі рэлігійных арганізацыі або аб’яднанняў. «Да моманту атрымання вынікаў экспертызы ў дачыненні да дадзенай арганізацыі, патрабуем прыпыніць дзейнасць усіх мясцовых рэлігійных арганізацый і рэлігійнага аб’яднання Сведкі Іеговы Беларусі, вынесці забарону на процізаконную вербавальную дзейнасць і распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры», — заяўляюць аўтары.

Пры гэтым яны спасылаюцца на досвед Расіі, дзе дзейнасць СІ была нядаўна забароненая. «Мы ўсе, як грамадзяне сваёй краіны, не можам дапускаць процізаконную агітацыйную працу на тэрыторыі нашай Радзімы дакучлівых адэптаў рэлігійнай арганізацыі, веравучэнне і ідэалогія якой ніколі дэталёва не вывучалася прызнанымі экспертамі і навукоўцамі (кім менавіта, не ўдакладняецца — Krynica.info) на прадмет яе небяспекі для фізічнага і псіхічнага здароўя грамадзян РБ, а таксама для іх сацыяльнага жыцця», — гаворыцца ў петыцыі.

Таксама паведамляецца, што летам актывісты ўжо накіравалі ў апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў ліст з патрабаваннем ажыццявіць дзяржэкспертызу Сведак Іеговы ў сувязі з правядзеннем імі штогадовага кангрэса на тэрыторыі Беларусі. Тады ў экспертызе было адмоўлена з указаннем на адсутнасць падставы, бо арганізацыя кангрэса Сведак Іеговы праходзіла легальна.

Чарговую спробу забараніць дзейнасць Сведак Іеговы пракаментаваў Krynica.info адзін з вернікаў, блогер Антон Чыўчалаў.

«Сведкі Іеговы афіцыйна і законна дзейнічаюць ва ўсіх краінах Еўрасаюза, а ў Рэспубліцы Беларусь яны зарэгістраваны ў 1994 годзе. Усе гэтыя гады яны цесна супрацоўнічаюць з уладамі краіны на ўсіх узроўнях. Напрыклад, уся паступаючая ў краіну літаратура праходзіць абавязковую дзяржаўную цэнзуру. Рэлігійнае аб’яднанне СІ ў РБ добрасумленна плаціць усе падаткі і пошліны. Любы жадаючы можа наведаць любое мерапрыемства Сведак Іеговы і пераканацца, што гэта мірныя, законапаслухмяныя людзі. Пра гэта ведаюць і беларускія, і расійскія эксперты. На жаль, улады Расійскай Федэрацыі вырашылі пайсці па шляху Паўночнай Карэі, Афганістана і яшчэ некалькіх краін, у якіх моцна абмежаваная свабода веравызнання. Красавіцкае рашэнне Вярхоўнага суда РФ ужо прынята да разгляду ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Мне хочацца верыць, што Беларусь не стане наступаць на тыя ж граблі, але працягне паважаць правы і свабоды ўласных грамадзян, як гэта прынята ў Еўропе і наогул у цывілізаваным свеце», — заявіў суразмоўца.

Адзначым, што петыцыі на сайце change.org ў Беларусі не валодаюць юрыдычнай каштоўнасцю, у сувязі з чым яны часцяком не разглядаюцца прадстаўнікамі ўлады.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі