Расіянку аштрафавалі за білборды з цытатамі з Бібліі

482762

Цытата з Евангелля ад Лукі, якую ўладальніца рэкламнага агенцтва Вольга Векоўшыніна з расійскага Екацярынбурга некалькі гадоў таму па асабістай ініцыятыве размясціла на вулічных білбордах у якасці сацыяльнай рэкламы, стала прычынай судовага разбіральніцтва.

Супраць цытаты «Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам узяў, чужаложыць» выступілі спачатку прадстаўнікі Федэральнай службы бяспекі, а затым і Упраўлення Федэральнай антыманапольнай службы Расіі (УФАС). Па словах апошніх, біблейскія цытаты супярэчаць Сямейнаму кодэксу РФ, які гарантуе «свабоду і добраахвотнасць шлюбнага саюза мужчыны і жанчыны, а значыць, і свабоду яго скасавання», паведамляе Uralweb.ru.

У УФАС заявілі, што сацыяльная рэклама «не дазваляе зрабіць выснову аб тым, што яна накіравана на пабудову добраахвотных сямейных адносін і ўмацаванне сям’і». Цяпер Вольга Векаўшыніна павінна будзе аплаціць штраф у памеры ад 4 да 20 тыс. расійскіх рублёў (ад 67 да 337 даляраў).

Жанчына збіраецца адстойваць сваю правату ў Арбітражным судзе. «Гэта тэксты з Евангелля, Слова Божае трэба несці людзям. Ніхто ж не чытае гэтую кнігу. Усе любяць разважаць пра праваслаўе і веру, а яны элементарнага не ведаюць, не чыталі гэтага тэксту», – адзначыла яна.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі