Batushka адказаў: у нас дамінуе бальшавіцкі падыход да свецкасці (відэа)

Беларускі праваслаўны святар Аляксандр Кухта свой новы відэаблог «Batushka адкажа» прысвяціў пытанням разумення свецкасці дзяржавы. «Праблема ў тым, што велізарная колькасць народа трактуе гэта словазлучэнне вельмі вольна. І гэта няправільна», – адзначыў ён.

Іерэй прызнаў, што ў свецкай дзяржаве прававыя нормы не могуць спасылацца на рэлігійныя пастулаты або тэксты. Аднак, паводле яго, неабходна «памятаць і тое, чым яна не з’яўляецца насуперак распаўсюджаным перакананням». «У нас, на постсавецкай прасторы, часта дамінуе бальшавіцкі падыход, дзе свецкасць роўная антырэлігійнасці», – падкрэсліў ён.

Больш за тое, заявіў Аляксандр Кухта, спробы забараніць рэлігію як раз і супярэчаць прынцыпам свецкасці, згодна з якімі дзяржава не можа залазіць у рэлігійнае жыццё сваіх грамадзян. Пры гэтым святары, у адпаведнасці з гэтымі ж прынцыпамі, могуць удзельнічаць у палітычным жыцці краіны нароўні з іншымі грамадзянамі і нават абірацца на кіруючыя пасады.

«Свецкая дзяржава не абвяргае рэлігію, яна не прадузята да рэлігіі або яе адсутнасці», – адзначыў святар.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі