У Мінску адкрыецца выстава пра святых непадзеленай Царквы

7805У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава твораў сучаснага хрысціянскага мастацтва, прысвечаная агульным для Захаду і Ўсходу старажытным святым.

Вялікая экспазіцыя, у якой прадстаўленыя больш за 100 абразоў, напісаных у Беларусі, Расіі, Украіне, Велікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Італіі, Іспаніі, Латвіі, Літве, Сербіі, Фінляндыі і Францыі, распавядае пра малавядомыя старонкі гісторыі Заходняй Еўропы першага тысячагоддзя і адначасова знаёміць з разнастайнымі школамі, накірункамі і стылямі ў сучасным іканапісе.

Гісторыя Еўропы паказаная як гісторыя святасці – ад апосталаў і хрысціянскіх пакутнікаў ІІ стагоддзя да дабраверных кіраўнікоў Х-ХІ стагоддзяў, ахоплівае драматычны перыяд усталявання Царквы ў розных землях і краінах – ад Сіцыліі да Ірландыі і Скандынавіі.

Перыяд да Вялікай Схізмы 1054 года (дата фармальнага падзелу паміж цэрквамі Ўсходу і Захаду) традыцыйна называюць часам нераздзеленай Царквы, а святыя, праслаўленыя да канца ХІ стагоддзя, шануюцца як Праваслаўнай, так і Каталіцкай цэрквамі.

Старажытныя абразы святых Захаду практычна не захаваліся, таму перад сучасныі іканапісцамі стаяла складанае і адказнае заданне – распрацаваць і прадставіць новую іканаграфію, асэнсоўваючы вобразы святых у межах іканаграфічнага канона і ў той жа час спрабуючы ўбачыць іх подзвіг не ў пункту гледжання “абстрактнага хрысціянства”, а з рэальнасці ХХІ стагоддзя. Што нам, якія жывуць сёння, кажуць старажытныя святыя?

Сярод удзельнікаў выставы вядомыя іканапісцы – архімандрыт Зінон (Тэадор), Ірына Зарон, Аляксандр Карнаухаў, Аляксандр Чашкін, Алег Шуркус (Расія), Тодар Мітравіч (Сербія), Георгій Кордзіс (Грэцыя), Віктар Доўнар, Антон Данейка (Беларусь) і шмат іншых. Экспануюцца творы ў традыцыйных тэхніках яечнай тэмперы, энкаўстыкі, мазаікі, разьбы па дрэве, керамікі і гравюры, якія створаныя адмыслова для выставы “Святыя нераздзеленай Царквы” і большасць з якіях раней не выстаўляліся.

Унікальны па сваім геаграфічным ахопе іканапісны праект знаёміць як з традыцыйнымі стылямі і накірункамі ў сучасным іканапісе, так і з новымі падыходамі да інтэрпрэтацыі вобраза ў хрысціянскім мастацтве.

Арганізатары выставы: Садружнасць у падтрымку сучаснай хрысціянскай культуры “Артас” (Масква), Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і прыход у гонар Усіх святых у г. Мінску.

Куратар – Сяргей Чапнін, сукуратар – Алена Карпенка.

Выстава адчыненая з 21 снежня 2017 года да 20 лютага 2018 года.

Афіцыйны сайт праекта — saints.artos.org

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі